У Беларусі моладзь будуць вучыць выяўляць тэрарыстаў

"Дзесьці могуць быць нейкія падвохі" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
"Дзесьці могуць быць нейкія падвохі" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Беларусі моладзь будуць вучыць выяўляць тэрарыстаў. Гаворка пра гэта ішла ў Адміністрацыі прэзідэнта, дзе збіраліся дэканы юрыдычных факультэтаў розных ВНУ краіны, прадстаўнікі Генпракуратуры і Мінадукацыі. Было заяўлена, што моладзі не хапае прававой пісьменнасці, і трэба супрацьдзейнічаць яе ўцягванню ў злачынствы, у тым ліку звязаныя з "экстрэмізмам".

Намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс сказала, што апошнім часам у РБ павялічалася колькасць злачынстваў "экстрэмісцкай і тэрарыстычнай накіраванасці". І рэжыму, відаць, стала трывожна. Па словах Чупрыс, людзі становяцца фігурантамі спраў, па якіх ім пагражае смяротнае пакаранне, а яны гэтага нават і не ўсведамляюць.

На нарадзе было прапанавана ў навучальных установах арганізоўваць прагляды прапагандысцкіх фільмаў пра "тэрарызм" у Беларусі. "Трэба, каб ВНУ краіны, юрыдычныя факультэты ўключыліся ў працэс процідзеяння дэструктыўнаму ўплыву на нашых хлопцаў і дзяўчат,цытуе словы Вольгі Чупрыс БЕЛТА. — Мы маем справу з досыць моцным уплывам звонку".

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў развіваў тэму: "Прававой пісьменнасці ў моладзі, ды і не толькі ў яе, практычна не відаць". Паводле яго слоў, беларусы не разумеюць, чаму 30 чалавек абвінавачваюць па справе Мачулішчаў у тэрарызме: многія не ведалі, каму дапамагалі.

"У моладзі неабходна сфарміраваць разуменне таго, што дзесьці могуць быць нейкія падвохі, яны павінны ўмець бачыць магчымыя падводныя плыні", — заявіў Рыжанкоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі