У Беларусі назіраецца ўспышка пнеўманіі
У бальніцы, ілюстрацыйнае фота
Захворванне Covid-19 у гэтым годзе значна вышэй, чым было ў аналагічны перыяд мінулага года. Аб гэтым піша "Наша ніва" са спасылкай на медыкаў. Колькасць пацыентаў з запаленнем лёгкіх прыкметна вырасла ў жніўні. "Звычайна спачатку людзі скардзяцца на агульнае недамаганне, кашаль, тэмпературу каля 38, якая не спадае на працягу 3-5 дзён. У некаторых выяўляюцца ваніты і млоснасць", — тлумачыць урач, які працуе ў бальніцы. Пры гэтым, тэсты далёка не заўсёды паказваюць, што ў чалавека каранавірус, але сімптомы паказваюць менавіта на гэта захворванне.
Суразмоўца выдання таксама адзначыў, што такая колькасць пнеўманій, якая назіралася гэтым летам, не характэрна для цёплай пары года. Паводле яго слоў, цяперашнія штамы вельмі заразныя, але пры гэтым значна радзей заканчваюцца смяротным зыходам. "Таксама можна адзначыць, што калі раней дзеці хварэлі на COVID значна радзей, то цяпер аднолькава шмат выпадкаў як сярод дарослых, так і сярод дзяцей", — дадаў урач.
Выданне паразмаўляла таксама з медыкам, якія працуе ў паліклініцы. Ён таксама пацвердзіў, што з сярэдзіны лета назіраецца рост колькасці хворых. Але тэсты масава зараз не робяць, таму вызначыць рэальную колькасць хворых менавіта на COVID праблематычна. Аб росце захворвання каранавірусам гаварылі і чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя. Але яны звязалі гэта з надыходам восеньскага сезона.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.