У Беларусі не хочуць аднаўляць мяжу, каб спыніць кантрабанду алкаголю з Расіі
Каля 95% нелегальнай алкагольнай прадукцыі завозіцца ў Беларусь з Расіі. Такую лічбу 29 лістапада агучыў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка падчас выступу ў Палаце прадстаўнікоў. Змагацца з кантрабандай прапануецца шляхам канфіскацыі такога алкаголю ў тых, хто ім гандлюе. Варыянт аднаўлення нейкага кантролю на беларуска-расійскай мяжы не разглядаецца, кажа міністр у адказ на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё.
Налівайка: “Я не сказаў, што шмат прадукцыі ― я сказаў, што львіная доля нелегальнага алкаголю паступае ў нашу краіну з Расійскай Федэрацыі. Увогуле ж, нелегальнага алкаголю ў нашай краіне нязначная колькасць. І ніякай катастрофы ці страху вялікага няма. Зразумела, што ёсць несумленныя суб’екты гаспадарання, грамадзяне, якія хочуць палепшыць сваё матэрыяльнае становішча і займаюцца кантрабандай не толькі алкаголю, але і іншых тавараў. І тут трэба ўзважваць затраты на адміністрыраванне мяжы і тыя прыбыткі, якія мы будзем атрымліваць. А тое, пра што вы пытаецеся, гэта практычна аднаўленне мяжы з Расійскай Федэрацыяй. Але ў нас там няма мяжы!”.
Колькі канкрэтна ў Беларусь трапляе нелегальнага алкаголю з Расіі, міністр сказаць не здолеў. Адно сказаў, што па іх падліках рынак нелегальнага алкаголю ў нас не перавышае 1,5% ад усяго рынку алкагольнай прадукцыі. Пры тым, што ў Расіі гэтая лічба дасягае 20%. Нагадаем, паводле адпаведнага дэкрэта кіраўніка дзяржавы, які дэпутаты ўхвалілі 29 лістапада, знятыя абмежаванні на аб’ём захоўвання алкаголю дома: калі раней можна было трымаць для ўласных патрэб не больш за 5 літраў, то цяпер ― колькі заўгодна. Дэкрэт прадугледжвае і адказнасць за гандаль нелегальным алкаголем.