У Беларусі пашпарты новых абанентаў мабільнай сувязі правераць на сапраўднасць
У Беларусі пашпарты новых абанентаў мабільнай сувязі правераць на сапраўднасць. Гэта вынікае з сумеснай пастановы Міністэрства ўнутраных спраў, Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ад 5 жніўня. Яна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Паводле дакумента, аператары электрасувязі пры заключэнні з грамадзянінам нашай краіны (а таксама з замежнікам ці асобай без грамадзянства) дамовы аб аказанні паслуг электрасувязі пацвярджаюць неабходныя для заключэння гэтай дамовы дадзеныя аб абаненце з выкарыстаннем інфармацыі, якая змяшчаецца ў аўтаматызаванай сістэме "Пашпарт" (яе ўладальнікам з'яўляецца МУС). Адзначаецца, што гаворка не ідзе пра тых аператараў, хто аказвае паслугі толькі па распаўсюдзе праграм тэле- і (або) радыёвяшчання. Пацверджанне звестак аб абаненце з дапамогай згаданай сістэмы "ажыццяўляецца ў рэжыме рэальнага часу".
Пастанова, падпісаная міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, начальнікам Аператыўна-аналітычнага цэнтра Сяргеем Шпегуном і міністрам сувязі Сяргеем Папковым, уступіць у сілу з 18 верасня.