Саўмін пусціў на мінскія дарогі грошы з Брэсцкай і Магілёўскай абласцей
У Беларусі пераразмеркавалі фінансаванне на будаўніцтва мясцовых дарог. На Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале апублікаваная пастанова Саўміна (№ 706 ад 28 верасня 2018-га), якая ўносіць змены ва ўрадавую пастанову № 65 ад 25 студзеня 2018 года. Той дакумент акрэсліваў меры па рэалізацыі ўказа кіраўніка дзяржавы "Аб фінансаванні будаўніцтва дарог і Мінскага метрапалітэна". Банк развіцця мусіў выдаць у 2018-м на будаўніцтва, рэканструкцыю і рамонт мясцовых аўтамабільных дарог крэдыты на суму да 100 мільёнаў рублёў.
Новы дакумент ураду прыбірае з ранейшай пастановы "Магілёўаблдарбуд" (планавалася, што ён атрымае больш за 11 млн рублёў крэдыту) і "Брэстаблдарбуд" (больш за 17 млн). Планы па "Гроднааблдарбуду" засталіся ранейшымі — 15 630 000 рублёў крэдыту. А вось "Віцебскаблдарбуд" атрымае замест 15 330 000 рублёў 17 330 000 рублёў, "Гомельаблдарбуд" замест 15 630 000 будзе мець 21 430 000 рублёў, "Мінскаблдарбуд" замест 24 430 000 атрымае 44 700 000 рублёў крэдыту.
Атрымліваецца, што фінансаванне большым не стала, проста 28 млн рублёў, якія планавалі пералічыць Магілёўшчыне і Брэстчыне, пераразмеркавалі па іншых рэгіёнах.