У Беларусі прадаюць самы дарагі і самы танны iPhone 6

Прадукцыя кампаніі Apple падаражэла ў Расіі з 26 лістапада. Уначы сайт кампаніі не працаваў, а раніцай аднавіў працу ўжо з новымі цэнамі. Цяпер iPhone 6 з 16 гігабайтамі падаражэў з 31 990 да 39 990 расійскіх рублёў, iPhone 6 Plus з 36 990 вырас да 46 990. Рост цэн хутчэй за ўсё звязаны з дэвальвацыяй расійскага рубля.

Еўрарадыё даведваецца, ці адаб'ецца гэта на прадукцыі Apple у Беларусі, і параўноўвае цэны на новыя iPhone у розных краінах.

"Нядаўна самі прачыталі, што ў Расіі даражэе на 25 працэнтаў праз сітуацыю з рублём. Што будзе ў нас, пакуль невядома", — кажуць у краме "Белый терем". Тут прадаюць толькі новы iPhone 6 Plus, iPhone 6 беларусы ўжо раскупілі.

Па ідэі, расійскае падаражанне нас не павіннае закрануць, бо ў Беларусь тэлефоны вязуць з Заходняй Еўропы.

Афіцыйная крама Apple у Мінску тэлефонамі ўвогуле не гандлюе: "На жаль, не прадаюцца, бо кампанія Apple у Беларусь іх не пастаўляе".

Набыць тэлефоны  можна ў двух афіцыйных прадстаўнікоў "Белый терем"  і "21 век" толькі па замове. Цэны аднолькавыя: iPhone 6 16 гігабайт — 10 699 000 рублёў, 6 Plus — 11 990 000 рублёў. Гэта тэлефоны з афіцыйнай гарантыяй кампаніі, але паколькі ў Беларусь іх не пастаўляюць, то і рамантаваць давядзецца везці… у Вільню.

"У Беларусі iPhone не абслугоўваюцца па гарантыі, няма кантракта, — тлумачаць у афіцыйным сервісным цэнтры ў Мінску. — Яны прадаюцца, але сервіс у Вільні. Яны самі адвозяць, а вы чакаеце проста гэты час".

Рэч у тым, што афіцыйных паставак менавіта тэлефонаў кампаніі ў нашу краіну сапраўды няма, бо невялікі аб'ём продажаў. Афіцыйныя прадстаўнікі завозяць іх самі дробнымі партыямі ці ўвогуле на замову. Але ўсе з афіцыйнымі дакументамі і гарантыяй.

Як падлічыла Еўрарадыё, пасля падаражання на 25% у Расіі iPhone таннейшы, чым у Беларусі. У нас 798 еўра, у Расіі — 691. Увогуле, калі набываць у афіцыйнага прадстаўніка, то ў Беларусі самыя вялікія цэны ва ўсёй Еўропе. Нават ва Украіне пасля абвалу грыўні iPhone 6 каштуе 750 еўра.

iPhone 6 (16 gb)

iPhone 6 plus (16 gb)

Польшча

705 €

813 €

Літва

709 €

Расія

691 €

811 €

Украіна

750 €

870 €

Германія

699 €

799 €

Італія

729 €

839 €

Латвія

699 €

799 €

Беларусь

798 €

895 €

Інтэрнэт-каталог

655-895 €

822-895 €

У адным з беларускіх інтэрнэт-каталогаў знаходзім iPhone 6 Plus танней, чым у афіцыйных прадстаўнікоў. Але даражэй, чым у астатняй Еўропе. Тут даюць гарантыю на 3 гады. Выглядае дзіўна, бо афіцыйная гарантыя — толькі год. У інтэрнэт-краме тлумачаць, што гарантыя ў іх свая, бо афіцыйная ў Беларусі не дзейнічае.

Гэты дзіўны варыянт iPhone 6 з 3 гадамі гарантыі ўвогуле каштуе танней, чым ва ўсёй Еўропе. Прадстаўнік інтэрнэт-крамы ў тэлефоннай размове пацвердзіў, што iPhone 6 за 655 еўра сапраўды ёсць у наяўнасці. Гэта танней, чым у Германіі, на 44 еўра.

Магчыма, увозяць гэтыя тэлефоны нелегальна і не плацяць падаткі, таму зарабляюць на taxfree, які вяртае каля 150 еўра.

Фота: guardianlv.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі