У Беларусі прайшлі крыжовыя шляхі
Крыжовы шлях у Іўі
27 сакавіка ў Беларусі прайшлі крыжовыя шляхі, якія правялі католікі. У Мінску набажэнства прайшло перад касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы. Супольную малітву ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Удзельнічалі вернікі з розных парафій сталіцы, а таксама Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, паведамляе catholic.by.
У Навагрудку ў сераду вернікі прайшлі крыжовым шляхам па вуліцах горада. На чале шэсця мужчыны ў атачэнні дзяцей з запаленымі паходнямі неслі вялікі драўляны крыж. У Іўі працэсія прайшла па цэнтральных вуліцах горада. Вялікі драўляны крыж неслі на змену і мужчыны, і жанчыны, і дзеці.
Адзначаецца, што "традыцыйнае пасійнае набажэнства падчас Вялікага тыдня дапамагае вернікам глыбей перажыць Пасхальную таямніцу смерці і ўваскрасення Хрыста".
Раней была інфармацыя, што ў Баранавічах католікам не дазволілі правядзенне гарадскога крыжовага шляху.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.