У Беларусі пройдзе фосфарны кіслотны дождж

Паветраныя масы, якія, дагэтуль утрымліваюць у сабе прадукты фосфарнага гарэння, што ўтварыліся ў выніку аварыі на Львоўшчыне, рухаюцца ў бок Беларусі.
У прэс-цэнтры Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Украіны спецыяльна для Еўрапейскага радыё распавялі пра меры, што былі прынятыя пасля таго, як загарэліся цысцэрны з фосфарам.
“За лічаныя хвіліны на месца прыбылі выратавальнікі МНС. Пасля пажар быў ліквідаваны ў 22.29 таго ж дня. Сёння ўрадавая камісія звярнулася да мясцовага насельніцтва і дала дазвол на піццё вады, на працяг збору ўраджая. Таксама дазваляецца купанне ў вадаёмах.”

Паводле словаў начальніка Гідраметцэнтра Украіны Мікалая Кульбіды, невядома, што дакладна ўяўляе сабой воблака:

Кульбіда: “Фізічна яго ніхто не фіксуе і дакладна вызначыць, дзе яно знаходзіцца немагчыма. Дзесьці на мяжы Ровенскай і Валынскай абласцей. Можа быць яно ўжо і выпала ці рассеялася. Але ва ўсіх суседніх з Беларуссю рэгіёнах вецер вельмі слабы і апошнія дні не было ніякіх дажджоў. Няма іх зараз, неба яснае.”

А вось у беларускім гідраметцэнтры мяркуюць, што ва Украіне даджліва. Удакладняе прагноз начальнік службы гідрамэтэапрагнозаў Дзмітрый Рабаў:

Рабаў: “Па поўдні рэспублікі мы чакаем дажджоў. Па Гомельскай вобласці, напрыклад, у бліжэйшыя суткі па большай частцы тэрыторыі, а днём месцамі дажджы і навальніцы. Па інтэнсіўнасці яны могуць быць слабыя, а могуць і навальніцамі прайсці. Пакуль мы чакаем кароткачасовыя звычайныя летнія дажджы.”

Разам з імі выпадуць рэшткі фосфарных прадуктаў гарэння. Дзмітрый Рабаў працягвае:

Рабаў:
“Пройдзе фосфарны хімічны дождж. Гэта небяпечна, бо калі фосфар назапашваецца ў арганізме, разладжваецца праца пячонкі, нырак і астатніх унутраных органаў. Таксама гэта непасрэдна ўплывае на абмен рэчываў. Пры патрапленні на глебу, уся расліннасць поўнасцю выпальваецца.”

Пры гэтым, начальнік беларускага гідраметцэнтру кажа, што па апошніх звестках воблака ўжо няма. І паводле ўчорашняга аналізу, ніякай небяспекі для Беларусі, яно не ўяўляе. Таму на тэрыторыі нашай краіны можна адпачываць і нічога не баяцца.

Тым часам ў Валынскай і ў Ровенскай абласцях працуюць перасоўвальныя лабараторыі і спецыялісты, якія бяруць аналізы, пробы глебы і паветра.

А намеснік галоўнага ўрача гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміалогіі і грамадскага здароўя Мікалай Скаромны лічыць, што сітуацыя для Беларускі наогул не падлягае абмеркаванню:

Скаромны: “Ніякай пагрозы няма. Усё гэтае воблака ўпадзе на адлегласці не больш як 15 кіламетраў. Што будуць рабіць з гэтым украінцы, я не ведаю. Ну, загарэлася нешта, эвакуіравалі людзей. Гэтак і назад заселяць.”

Паводле меркавання эксперта па хімічнай бяспецы Яўгена Лабанава, праблема для Беларусі ўсё ж існуе, бо фосфарныя аблокі ў бязветранае надвор’е могуць захоўвацца цягам некалькіх дзён. Спадар Лабанаў раіць, асабліва жыхарам памежных раёнаў, не выходзіць у дажджы на вуліцу, бо пазбавіцца ад іх шкоднага ўплыву прэвентыўна немагчыма.

Лабанаў: “Калі з вамі здарацца хімічныя апёкі, ці калі кіслата патрапіць ў вочы (гэта ўжо больш цяжкія наступствы), трэба будзе прамыць участкі растворам соды”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі