У Беларусі распачата больш за 2 300 спраў "экстрэмісцкай накіраванасці" — СК
Акцыя пратэсту ў Мінску ў жніўні 2020 года / Еўрарадыё
З лета 2020 года ў Беларусі было ўзбуджана больш за 2 300 крымінальных спраў "экстрэмісцкай накіраванасці", заявіў у эфіры Беларускага тэлебачання старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч.
"СК расследуе больш за 2 300 крымінальных спраў экстрэмісцкай накіраванасці. Галоўная выснова, якую мы вынеслі, — увесь праваахоўны блок, у тым ліку СК, настроены на захаванне незалежнасці і суверэнітэту дзяржавы, законнасці і правапарадку ў краіне", — сказаў ён.
Пад "экстрэмісцкай дзейнасцю" ў сучаснай Беларусі маюць на ўвазе перш за ўсё ўдзел у пратэстным руху. Раней генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед распавядаў аб планах узмацніць адказнасць за экстрэмізм. Калі папраўкі будуць пряняты, фігурантамі крымінальных спраў змогуць стаць асобы, "якія аказваюць садзейнічанне экстрэмісцкім фарміраванням, іх фінансуюць і ў любой іншай форме спрыяюць экстрэмісцкай дзейнасці". Пад "садзейнічанне" ў генпракуратуры разумеюць у тым ліку распаўсюд экстрэмісцкіх поглядаў і сімволікі. А экстрэмісцкай сімволікай, нагадаем, могуць прызнаць і бел-чырвона-белы сцяг.
Раней праваабаронцы паведамлялі, што з лета — з пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі — у краіне было заведзена больш за 1800 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабоў, а таксама дэманстрантаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.