У Беларусі расстралялі яшчэ аднаго асуджанага на смяротнае пакаранне
У Беларусі расстралялі яшчэ аднаго асуджанага на смяротнае пакаранне. 31-гадовы Сяргей Хмялеўскі, жыхар вёскі Мачулішчы Мінскага раёна, у лютым 2016-га быў асуджаны за жорсткае забойства траіх чалавек. Падрабязна пра яго справу гл. тут.
Пра тое, што Хмялеўскага расстралялі, яго сваякі паведамілі каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэю Палудзе.
"Сёння сястры Хмялеўскага сказалі, што ён адбыў па прысудзе. Улічваючы, што доўга не было ад яго лістоў, у нас былі такія падазрэнні, — распавядае Еўрарадыё Андрэй Палуда. — На мінулым тыдні яго сваякі хадзілі і прасілі спатканне. Ім сказалі — яшчэ не час, можна толькі раз на месяц, таму прыходзьце напачатку снежня. Яны тады папрасілі перадаць Хмялеўскаму грошай — і ў іх гэтыя грошы ўзялі, 200 тысяч старымі. А сёння гэтыя грошы вярнулі назад".
Так супала, што толькі ўчора стала вядома пра расстрэл Івана Куляша, які таксама быў асуджаны на смяротнае пакаранне. Па словах Палуды, ужо месяц няма лістоў і ад іншага асуджанага — Генадзя Якавіцкага.
"Практыка такая, што ў нас прыводзяць у выкананне некалькі запар смяротных прысудаў, калі ёсць некалькі чалавек, якія чакаюць. Мы не можам пакуль што нічога сказаць пра Якавіцкага, але яго лёс нас вельмі турбуе", — працягвае Андрэй Палуда.
Акрамя Якавіцкага, выканання смяротнага прысуду ў Беларусі чакае Сяргей Вострыкаў. Па словах Андрэя Палуды, ёсць падставы меркаваць, што ён яшчэ жывы. А ўжо 5 снежня пачнецца судовы працэс па трайным забойстве ў вёсцы Солы (Смаргонскі раён), вынікам якога можа быць смяротны прысуд.
Як вядома. Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, дзе прымяняюць смяротнае пакаранне. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, Савет Еўропы неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.