У Беларусі стартавала ўступная кампанія ў каледжы
9-класнікаў будуць агітаваць паступаць у каледжы
Прыём дакументаў у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы стартаваў у Беларусі 20 ліпеня. У каледжы плануюць прыняць больш за 3250 чалавек. З іх 2864 чалавекі — на бюджэт.
Дакументы на бюджэтныя месцы сярэднеспецыяльнай адукацыі ад 9-класнікаў будуць прымаць да 3 жніўня, а ад 11-класнікаў — да 6 жніўня. Уступная кампанія працягнецца да 20 жніўня.
На профільна-тэхнічныя спецыяльнасці дакументы пачалі прымаць яшчэ 15 ліпеня і скончаць толькі 23 жніўня. Пры недаборы абяцаюць падоўжыць гэты тэрмін да 15 верасня.
Міністэрства адукацыі заваблівае выпускнікоў школ у ССНУ новымі спецыяльнасцямі. Напрыклад, сталічны каледж сферы абслугоўвання ўпершыню набярэ на “фінансавую дзейнасць”, каледж лічбавых тэхналогій на “Вытворчасць вырабаў мікра– і нанаэлектронікі”, а ў Мінскім педагагічным каледжы пачнуць навучаць настаўнікаў фізкультуры.
Нагадаем, яшчэ вясной міністр адукацыі Андрэй Іванец выказваўся за скарачэнне 10-х класаў у школах. Дзевяцікласнікаў плануюць агітаваць паступаць менавіта ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Туды іх прымаюць без экзаменаў, на падставе сярэдняга бала атэстата.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.