Мінадукацыі назвала самыя папулярныя спецыяльнасці сярод абітурыентаў

Абітурыенты, ілюстрацыйнае фота

Абітурыенты, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА

Сёлета у ВНУ самымі папулярнымі спецыяльнасцямі сярод абітурыентаў сталі "стаматалогія" ў БДМУ, "сусветная эканоміка" ў БДУ і "праграмная інжынерыя" ў БДУІР. Прахадны бал на гэтыя спецыяльнасці склаў 395 з 400. Пра гэта інфармагенцтву БЕЛТА паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Пішчаў.

"Але тут ёсць такая асаблівасць, што ў медыцынскія ВНУ ў гэтым і мінулым годзе да 80% дзяцей паступалі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Праз гэта колькасць месцаў для паступлення на агульных падставах была невялікай", — удакладняе чыноўнік.

Таксама ў Мінадукацыі падлічылі спецыяльнасці з самым высокім конкурсам. У Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы на спецыяльнасць "графічны дызайн і мультымедыядызайн" прэтэндавалі больш як 20 чалавек на месца. Традыцыйна вялікія конкурсы были на IT-спецыяльнасці і на спецыяльнасці ў галіне фізкультуры і спорту, дадае Пішчаў.

Конкурс, паводле яго, не зусім аб'ектыўна адлюстроўвае, ці папулярная тая ці іншая спецыяльнасць. "Напрыклад, калі на нейкую спецыяльнасць аб'яўлена пяць бюджэтных месцаў і дакументы падае 20 чалавек, то конкурс атрымліваецца чатыры чалавекі на месца. А, напрыклад, на спецыяльнасць "лясная гаспадарка", дзе план прыёму на бюджэт 100 чалавек, каб атрымаўся конкурс пяць чалавек на месца, павінны падаць дакументы 500 чалавек", — тлумачыць прадстаўнік Мінадукацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі