Памятка беларусам, як паступіць у польскую ВНУ: парады па дакументах, візе, мове

Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве — найстарэйшы ВНУ Польшчы / @rubanau_collage
У новым навучальным годзе зменяцца правілы паступлення ў польскія ўніверсітэты. Мяркуючы з апублікаваных, але яшчэ не прынятых правак у Закон аб замежніках, беларускіх абітурыентаў чакаюць новыя ўмовы пацверджання адукацыі і атрымання студэнцкіх візаў падчас навучання ў Польшчы.
На стрыме Еўрарадыё палітычная актывістка і прадстаўніца фракцыі “Моладзевы блок” Ліза Пракопчык дала парады будучым студэнтам і іх бацькам перад паступленнем.
У першую чаргу да паступлення ў польскае ВНУ варта ставіцца як да пераезду ў іншую краіну.
“Чым больш дакументаў і пацверджанняў іх сапраўднасці з перакладам на польскую мову вы збераце, тым лепш”, — кажа экспертка.
Яна таксама раіць запісацца ўжо цяпер на найбліжэйшы дзяржаўны экзамен па польскай мове.
“Гэта будзе вельмі моцна патрэбна, і без такога моўнага сертыфіката ніяк не атрымаецца паступіць”.
Не варта забываць і пра атрыманне візы, нават не студэнцкай.
“Можна афармляць турыстычны [шэнген]. Каб не стаяць [потым] у чэргах, не чакаць, дадуць ці не дадуць [cтудэнцкую] візу <...> Тады можна адразу прыехаць і падацца на легалізацыю, атрымаўшы карту побыту”.
Калі ёсць магчымасць атрымаць настрыфікацыю сёлета — рабіць гэта.
“Не чакаць, пакуль будуць прынятыя новыя правілы. Лепш гэта цяпер зрабіць, калі плюс-мінус зразумелая працэдура”.
І калі ўзнікнуць пытанні — не саромецца іх задаваць.
“Можаце пісаць да нас, у “Моладзевы блок”, ці ва ўніверсітэт, па ўсіх пытаннях, якія вас турбуюць. Бо ў асноўным рэктараты ўніверсітэтаў ведаюць пра ўсю сітуацыю [са складанасцямі легалізацыі і прыёму дакументаў]. Ім таксама не падабаецца, што адбываецца, таму яны могуць вельмі лагодна падысці да [вашага выпадку]. Трэба не хвалявацца і звяртацца па дапамогу”, — пераконвае Ліза Пракопчык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.