У Беларусі вырас узровень смяротнасці

Колькасць насельніцтва Беларусі, паводле дадзеных Белстата, на 1 красавіка 2015 года склала 9 мільёнаў 481 тысячу 100 чалавек. У параўнанні з пачаткам 2015 года гэта на 280 чалавек больш.

Аднак насельніцтва вырасла дзякуючы мігрантам. Бо са студзеня па сакавік 2015 года памерла на 4 739 людзей больш, чым нарадзілася. Гэта на 30,9% больш, чым за адпаведны перыяд 2014 года.

Кандыдат юрыдычных навук, загадчык аддзела насельніцтва і сямейнай палітыкі НДІ працы Міністэрства працы і сацыяльнай аховы Наталля Красоўская адзначае, што павелічэнне смяротнасці ў большай ступені мае натуральныя прычыны:

“Да мяжы смяротнасці прыходзяць шматлікія пакаленні народжаных у пасляваенны перыяд. Тады быў моцны ўсплёск нараджальнасці, і цяпер яны падыходзяць да парога натуральнай смерці”.

Супрацоўніца міністэрства кажа таксама, што цяпер у актыўны дзетародны ўзрост уступае нешматлікае пакаленне народжаных у дзевяностых гадах ХХ стагоддзя. У той крызісны перыяд нараджалася мала дзяцей і, адпаведна, цяпер мусіць нараджацца меней.

Але пакуль, згодна з дадзенымі Белстата, ў студзені—сакавіку 2015 года нарадзілася 27 тысяч 212 дзяцей, а гэта на 122 больш, чым за адпаведны перыяд у 2014 годзе.

За студзень—сакавік 2015 памерла 96 немаўлят, гэта на 8 больш, чым за адпаведны перыяд летась. Спецыяліст адзначае, што такі ўзровень — вельмі нізкі.

“Мы ледзьве не наперадзе ўсёй Еўропы, груба кажучы. Наша смяротнасць немаўлят — 3,4—3,5 на тысячу немаўлят народжаных жывымі — гэта вельмі добры паказчык”.

Згодна са статыстычным рэсурсам The World Factbook, у 2014 годзе сітуацыя са смяротнасцю немаўлят была лепшай за беларускую толькі ў 18 краінах свету. Для прыкладу, гэты паказчык у сярэднім па ЕС складае — 4,33, у Расіі — 7,08, ва Украіне —8,10 памерлых на тысячу народжаных жывымі.

У рэйтынгу ўмоваў мацярынства, які быў апублікаваны фондам Save the Children, Беларусь месціцца на 25-ым месцы, гэта лепшая пазіцыя сярод нашых суседзяў. Літва і Польшча займаюць 28-е месца, Латвія — 40-е, Расія — 56-е, Украіна — 69-е.

Фота: samsebeskazal.livejournal.com, ivanovocat.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі