У Беларусі з "базы дармаедаў" выключылі 86 тысяч чалавек
У Беларусі з "базы дармаедаў" выключылі 86 тысяч чалавек, інфармуе сайт mlyn.by. Па словах намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыя Кавалькова, у ёй цяпер налічваецца больш за 425 тысяч чалавек. А ў канцы мінулага года ў базу трапілі каля 500 тысяч.
"Людзі змяняюць свой статус: уладкоўваюцца на працу, з'язджаюць з краіны, страчваюць працаздольнасць ці паступаюць вучыцца, — гаварыў Кавалькоў на сумесным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні пры верхняй палаце Нацыянальнага сходу і Савета Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. — Таму база дадзеных пра незанятых у эканоміцы актуалізуецца практычна штотыдзень, каб у яе не трапілі лішнія прозвішчы".
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны нагадаў, што з 1 студзеня "дармаеды"-уласнікі кватэр павінны былі плаціць за гарачую ваду поўны кошт. Але ўрад зрабіў адтэрміноўку на месяц, паколькі ў спісах выяўляліся памылкі. За люты ж гэтым людзям давядзецца плаціць поўную суму за падагрэў вады. На сённяшні дзень іх налічылі па краіне 54 тысячы чалавек.