У Беларусі забаранілі пасыпаць дарогі і тратуары соллю

У Міністэрстве аховы здароўя лічаць, што соль падрывае здароўе людзей і псуе пакрышкі. Аднак камунальнікі адмаўляцца ад яе пакуль не збіраюцца

З сярэдзіны студзеня ўсе камунальныя службы, якія займаюцца прыбіраннем снегу, павінны адмовіцца ад солі з пяском. Менавіта гэтага патрабуе новая пастанова Міністэрства аховы здароўя аб утрыманні тэрыторыяў населеных пунктаў, прынятая яшчэ 30 снежня. Адзін з аўтараў новых патрабаванняў лекар-гігіеніст Павал Сідаровіч паведаміў Еўрарадыё, што пры распрацоўцы дакументу спецыялісты карысталіся расійскім досведам: падобная забарона дзейнічае, да прыкладу, у Маскве. У расійскай сталіцы сёння са снегам і галалёдзіцай змагаюцца з дапамогай хларыдна-фасфатнага дадатку.


Павал Сідаровіч: “Калі ўзяць саму соль, то яна раз’ядае не толькі абутак, але і аўтамабільныя пакрышкі ды забруджвае зямлю. А што азначае засаленне глебы? Гэта і зялёнае покрыва пачынае цярпець з цягам часу. Летась нават Міністэрства прыродных рэсурсаў засяродзіла ўвагу менавіта па нармаванні ўтрымання солі ў глебе, што ў нас не рэгламентаванае”.


Паводле слоў медыка, соль не толькі забруджвае глебу, але і раз’ядае абутак ды псуе аўтапакрышкі. Да таго ж, на думку спецыяліста, у камунальнікаў застаецца свабода дзеянняў: ўжыванне менавіта хларыдна-фасфатнага дадатку не з’яўляецца абавязковым. Калі камунальнікі прапануюць сваю замену саляна-пясочнай сумесі і калі тая вытрывае ўсе праверкі, можна будзе выкарыстоўваць і альтэрнатыўны прэпарат.


Павал Сідаровіч: “Калі людзі закупілі калісьці даўно дарожна-тратуарную сумесь, да прыкладу, і калі выяўлена, што яна шкодзіць чалавеку і навакольнаму асяроддзю, то, вядома ж, нельга яе ўжываць. Уявіце, чалавеку псуе абутак, праядае падэшвы. Вільгаць паступае ў абутак, чалавек прастуджваецца больш — і што, гэта нармальна? Давайце, каб усе ў дзіравых тапках хадзілі! Галоўнае — для чаго? Для людзей, для народу, так? Нашая ж прамысловасць да гэтага не адаптаваная, да гэтых соляў. І атрымліваецца, што падрываем здароўе людзей, калі соллю пасыпаем”.


Аднак, нягледзячы на прынятую пастанову, камунальныя службы па ўсёй краіне працягваюць змагацца са снегам і лёдам соллю і пяском. Камунальнікі тлумачаць, што планы па прыбіранні снегу на 2009-2010 гады былі прынятыя яшчэ да новаўвядзення, і пра замену сумесі новымі прэпаратамі гаворкі ў іх не вялося. Да таго ж, у ЖЭСаў папросту няма грошай на новыя сродкі.


“Рэч у тым, што мы надта бедныя, каб купляць новыя прэпараты”, — паскардзілася Еўрарадыё загадчыца гродзенскага ЖЭСа №1 Тэрэза Фядзюк.


Тым часам начальнік вулічна-ўборачнай аўтакалоны ў Віцебску Аляксандр Чачанец сумняваецца ў перавазе новых прэпаратаў над звыклай соллю з пяском.


Аляксандр Чачанец: “Пры ўзаемадзеянні з лёдам і снегам соль ператварае гэта ўсё ў ваду — і ўсё сыходзіць у ліўнёўку. А пясок застаецца — ну і бруд, адпаведна. А гэтыя новыя прэпараты ў рэакцыю ўступаюць, ператвараюцца ў ваду, і вада сышла ў ліўнёўку — чыста, бруду няма. Але, зноўку ж, гэтыя прэпараты не на працяглы тэрмін. У іх там толькі пэўны тэрмін дзеяння. Рэакцыя спыняецца — зноўку замярзае. То бок перыядычнасць там дзве, тры, чатыры гадзіны найбольш — потым цыкл апрацоўкі трэба паўтараць. А пясочна-саляная сумесь ляжыць. Пясочак гэты ўвесь час трэцца і не стварае гэткай слоты. Дык можа бруд выгадней прыбіраць?”.


Самае прыкрае ў дадзенай сітуацыі, лічыць намеснік начальніка Ўпраўлення аховы здароўя пры Гродзенскім аблвыканкаме Аляксандр Кашуй, што спрэчка паміж камунальнікамі і заканадаўцамі прыпала не на летні, а менавіта на зімовы перыяд.


Аляксандр Кашуй: “На сённяшні дзень, тут пакуль што нават не пытанне разгойдвання. А пакуль напрацуюцца новыя рэагенты, я думаю, што гэта можа і аптымальнае выйсце з сітуацыі, паколькі папярэджанне ДТЗ, напэўна, значна важнейшае за ўсе гэтыя рэчы”.

 
 
 
Фота з pln24.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі