У Беларусі затрымалі расійскага палітычнага бежанца
У Беларусі затрымалі расійскага палітычнага ўцекача Уладзіміра Ягорава. Яго вінавацяць у дробным хуліганстве, паведамляе hromadske.ua.
31 ліпеня а 12-й Кастрычніцкі суд Мінску мусіў разглядаць справу Ягорава, аднак слуханні перанеслі на няпэўны час. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы з арганізацыі Human Constanta, якая займаецца праблемамі бежанцаў у Беларусі. Праваабаронцы не выключаюць, што Ягорава могуць экстрадаваць у Расію, якая абвясціла яго ў федэральны вышук.
Ягораў — чалец апазіцыйнай партыі "Яблоко" ў Цверы. На радзіме на яго пачалі крымінальную справу за запіс у сацсетках, яго вінавацяць у экстрэмізме. З Расіі ён уцёк 12 чэрвеня. Пасля ўцёкаў невядомыя спрабавалі падпаліць дом Ягорава, дзе засталася яго сям'я.
Расіянін спрабаваў атрымаць статус бежанца ва Украіне. Аднак да яго з'явіліся невядомыя асобы, якія назваліся супрацоўнікамі Службы бяспекі Украіны і заявілі, што яму забаронены ўезд у краіну. Пазней журналісты Грамадскага звярнуліся ў СБУ, дзе ім адказалі, што служба не прымала рашэння пра дэпартацыю Ягорава і ўезд ва Украіну яму не забаронены.
Ягораў пераехаў у Беларусь і пасяліўся ў хостэле ў Мінску. 28 ліпеня ён перастаў выходзіць на сувязь. Праваабаронцы знайшлі толькі яго аўтамабіль. У хостеле ім паведамілі, што Ягорава забралі прадстаўнікі Камітэта дзяржбяспекі.