У Беларусі завялі першую крымінальную справу за рост цэн

Прадстаўнік КДК Таццяна Самохіна / скрыншот reform.by
Прадстаўнік КДК Таццяна Самохіна / скрыншот reform.by

Камітэт дзяржкантролю паспеў знайсці два выпадкі павышэння коштаў з моманту загаду Лукашэнкі іх замарозіць. Па аднаму з іх нават заведзеная крымінальная справа.

Пакараць кантралёры вырашылі бабруйскае прадпрыемства, якое займаецца пастаўкамі гародніны. Па дадзеных КДК, са студзеня па жнівень кампанія пастаўляла тавары ва ўстановы адукацыі і аховы здароўя з аптовай нацэнкай па асобных пазіцыях да 600%.

Па матэрыялах КДК устаноўлены факты перапродажу прыватнымі прадпрыемствамі айчыннай сельгаспрадукцыі арганізацыям бюджэтных сфер па завышаных цэнах. У дачыненні да дырэктара гэтага прадпрыемства ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Дзяржаве нанесеная шкода ў буйным памеры-больш за 10 тыс.беларускіх рублёў, — кажа ў эфіры дзяржТБ загадчыца сектара кантролю за цэнамі на спажывецкія тавары КДК Таццяна Самохіна.

Застаецца незразумела, чаму дзяржустановы не змянілі пастаўшчыка, калі той прадаваў ім тавары па занадта дарагім цэнах.

Другі выпадак адбыўся ў адным з крам Ліды.

У продажы знаходзіліся 4 віды каўбасных вырабаў, на якія быў неабгрунтавана завышаны кошт. Розніца даходзіла да 2 рублёў у параўнанні з цаной, якая была ў пачатку гэтага тыдня. Як было ўстаноўлена пры правядзенні праверачных мерапрыемстваў, на гэтыя вырабы былі не проста выстаўленыя цэннікі, але дадзеныя каўбасныя вырабы былі рэальна рэалізаваны грамадзянам па завышаных цэнах, — кажа намеснік начальніка аддзела ДФР КДК Юрый Кардымон.

Пакуль па лідскаму выпадку праводзіцца праверка.

6 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка загадаў цэнам спыніцца. Калі нейкія юрыдычныя асобы або ІП парушаць забарону, ім пагражае нават крымінальная адказнасць. Аднак такая "карысць" на самай справе прывядзе да дэфіцыту і да больш рэзкага росту коштаў у будучыні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі