У Беларусі збіраюцца ўзмацняць кантроль за вайскоўцамі
"Паўсюль вока пракурора павінна быць" / t.me/modmilby/
У Беларусі збіраюцца ўзмацняць кантроль за вайскоўцамі. Пра гэта 17 ліпеня падчас сустрэчы з генпракурорам Андрэем Шведам заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Тое, што нам трэба ўзмацняць, напэўна, кантроль за выкананнем заканадаўства сярод вайскоўцаў, — гэта факт, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Я вам пра гэта ўжо казаў, што пракуратура некалькі адхілілася ад сілавога блока ў свой час".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што датычыць гэта не толькі войска, але і МУС, МНС, КДБ. "Паўсюль вока пракурора павінна быць", — сказаў ён.
Сярод прапаноў, якія абмяркоўваліся, стварэнне "нейкай сістэмы вайсковых пракурораў". Беларуская вайсковая пракуратура была ліквідаваная ў 2014-м. Цяпер жа плануецца стварыць Галоўную вайсковую пракуратуру "ва ўсечаным варыянце, колькасцю ў некалькі разоў меншай". Па словах Шведа, рашэнне будзе прынятае па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.