У Беларусі зніжаны стаўкі падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання

У Беларусі згодна з указам прэзідэнта зніжаны стаўкі падатку, устаноўленыя пры выкарыстанні спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.
 З 1 студзеня стаўка падатку паменшана з 10% да 8% ад валавой выручкі, калі не выплачваецца ПДК; з 8% да 6% ад валавой выручкі ў выпадку выплаты ПДК; з 20% да 15% пры выкарыстанні ў якасці падатковай базы валавога даходу.

У мэтах пашырэння прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання павялічаны межавыя памеры валавой выручкі плацельшчыкаў з колькасцю: да 15 чалавек — з 600 млн. да 1 млрд. рублёў за год; да 100 чалавек — з 2 млрд. да 3,5 млрд. рублёў. У выніку такога павелічэння права на прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання дадаткова атрымаюць каля 4 тыс. арганізацый.

Таксама ўстанаўліваюцца штоквартальныя тэрміны падачы падатковых дэкларацый (разлікаў) і выплаты падатку для плацельшчыкаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму без выплаты ПДК. У выніку колькасць дэкларацый і пералічэнняў у бюджэт, што падаюцца плацельшчыкамі ў падатковыя органы, паменшыцца з 24 да 8.

Як паведамляе БелаПАН, дакумент "закліканы павысіць прывабнасць спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, а таксама садзейнічаць выраўноўванню падатковай нагрузкі паміж арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, стварэнню ўмоў для інвестыцыйнай і дзелавой актыўнасці".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі