У Берліне загінуў расійскі дыпламат — як мяркуецца, сын генерала ФСБ
Будынак пасольства Расійскай Федэрацыі ў Берліне / РІА "Новости"
Каля амбасады Расіі ў Берліне паліцыя знайшла цела расійскага дыпламата, якога не ўдалося рэанімаваць, паведамляе Der Spiegel са спасылкай на крыніцы. Здарэнне адбылося раніцай 19 кастрычніка.
Паводле інфармацыі выдання, 35-гадовы мужчына мог выпасці з акна амбасады. У дыпмісіі РФ часопісу заявілі, што "гаворка ідзе пра трагічны выпадак", і дадалі, што "з этычных меркаванняў" каментаваць не будуць.
Расследаванне або ўскрыццё цела на тэрыторыі Германіі было немагчымае. На наступны дзень расійская амбасада адправіла цела дыпламата дадому.
Загінулы быў акрэдытаваны ў Берліне з 2019 года як другі сакратар амбасады, але нямецкія спецслужбы лічаць яго неафіцыйным супрацоўнікам ФСБ, дадае Der Spiegel.
Паводле версіі The Insider і Bellingcat, з акна амбасады выпаў Кірыл Жало, сын начальніка ўпраўлення па абароне канстытуцыйнага ладу ФСБ, генерал-лейтэнанта Аляксея Жало. Упраўленне, паводле версіі следчых, звязанае ў тым ліку з атручваннем палітыка Аляксея Навальнага і журналістаў Дзмітрыя Быкава і Уладзіміра Кара-Мурзы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.