У Брэсце і Пінску страйк быў, а ў Баранавічах не атрымалі рэкамендацый

У шэрагу гарадоў Брэсцкай вобласці 10 снежня страйкавалі індывідуальныя прадпрымальнікі. Як паведамляе наш карэспандэнт Юльян Навумік, з 7 буйных рынкаў Брэста амаль зусім не працавалі 4.
На найбольшым рынку “Лагуна” на Кавалёўцы з 600 месцаў працавалі каля 100, і гэта не ІП, а прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. На “Юбілейным” з 200 месцаў працавалі каля 20. На ЦУМе і Варшаўскім рынку практычна тая самая прапорцыя. Яшчэ тры рынкі адчыненыя ў рознай ступені. Не выйшла на працу агулам па Брэсце некалькі тысяч чалавек. З іх каля 200 бралі ўдзел у мітынгу, прысвечаным 60-годдзю Дэкларацыі правоў чалавека.

Каля 50% прадпрымальнікаў не выйшлі працаваць на Цэнтральны кааператыўны рынак Пінску і на рынак па вул. Зорная. Як паведамляе наш карэспандэнт Глеб Паўлоўскі, прадпрымальнікі правялі агульны сход і маюць намер ехаць 15 снежня на марш прадпрымальнікаў у Мінск.

Як паведамляе наш карэспандэнт Іван Юрашчык, баранавіцкія прадпрымальнікі не ўдзельнічалі ў папераджальным агульнанацыянальным страйку. Як паведаміў прадпрымальнік Мікалай Чарнавус, ніякіх рэкамендацый са сталіцы з арганізацый “Перспектыва” і “За вольнае развіццё прадпрымальніцтва” яны не атрымалі. Аднак на марш 15 снежня ў Мінск баранавіцкія бізнэсоўцы паедуць. Пра гэта паведаміў старшыня рады індывідуальных прадпрымальнікаў баранавіцкага Каапрынку Алег Пашко.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі