У Брэсце індывідуальныя прадпрымальнікі створаць "касу ўзаемадапамогі"
Індывідуальныя прадпрымальнікі рынку ААТ "Брэсцкі ЦУМ" створаць "касу ўзаемадапамогі". Грошы будуць накіраваныя на магчымыя штрафы за парушэнне указаў кіраўніка дзяржавы № 222 і 48. За такое рашэнне прагаласавала большасць удзельнікаў чарговага сходу мясцовых ІП. Сустрэча адбылася на рынку каля мясцовага ЦУМа.
Ад пачатку 2016 года пераважная большасць брэсцкіх індывідуальных прадпрымальнікаў не выходзіць на працу. Аднак у апошні час некаторыя пачынаюць "на сваю рызыку" працаваць па сертыфікатах, якія яны атрымалі ад расійскіх пастаўшчыкоў. Раней падчас праверак нярэдка гэтыя дакументы з Расіі прызнаваліся несапраўднымі, прадпрымальнікаў штрафавалі.
Брэсцкая прадпрымальніца Ларыса Быцько распавядае Еўрарадыё, што для тых, хто будзе спрабаваць працаваць у новых умовах, і будзе створаны адмысловы фонд.
Быцько: "Асабліва напачатку будзе вельмі складана працаваць без памылак. Вядома, што будуць нейкія парушэнні. Таму вырашылі, што створым "касу ўзаемадапамогі" пры савеце прадпрымальнікаў рынку ЦУМ. Будзем туды ўносіць нейкія ўнёскі. З гэтых грошай мы будзем дапамагаць тым прадпрымальнікам, на якіх будуць накладзеныя штрафы, у тых выпадках, калі чалавек не ведаў, ці не мог выканаць патрабаванняў указаў № 222 і 48".
Тым не менш большасць прысутных на сходзе выказалася за працяг страйку і, адпаведна, за нявыплату падаткаў. На сённяшні дзень на рынку ААТ "Брэсцкі ЦУМ" з 360 павільёнаў працуе толькі каля 70. Гэта складае менш за 20 адсоткаў.