У Брэсце прайшоў разгляд справы "экстрэмісцкіх" кніг Зянона Пазняка

У Брэсце прайшоў разгляд справы "экстрэмісцкіх" кніг Зянона Пазняка

У Брэсце прайшоў разгляд справы "экстрэмісцкіх" кніг Зянона Пазняка, палітэмігранта, кіраўніка Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Па два экземпляры кніг "Добрая фатаграфія" і "Абарона Курапатаў. Народны мемарыял" былі канфіскаваныя ў Алеся Чахольскага (на здымку) 27 верасня 2015 года ў пункце мытнага афармлення "Брэст-Цэнтральны". Адказны сакратар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ вяртаўся з Польшчы, дзе і набыў гэтыя кнігі.

Іх накіравалі ў экспертную камісію Брэсцкай вобласці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму. Згодна з заключэннем камісіі ад 26 кастрычніка, у кнігах прысутнічаюць прыкметы экстрэмізму.

22 лютага суд Ленінскага раёну Брэста разгледзіў скаргу актывіста Алеся Чахольскага. Актывіст КХП БНФ дамагаецца адмены рашэння экспертнай камісіі аб экстрэмісцкім характары кніг, а таксама іх вяртання. У каментары Еўрарадыё Чахольскі заяўляе пра палітычны характар суда.

Чахольскі: "Экспертнае заключэнне павінны рабіць незаангажаваныя асобы. А тут экспертнае заключэнне кніг і фотаздымкаў зрабілі ідэолагі, сябры "Белай Русі", а не гісторыкі, мастацтвазнаўцы і юрысты. Калі б у іх былі нармальныя юрысты, то яны б гэтую справу ўвогуле не пачыналі".

Рашэнне па гэтай справе суддзя Алена Кавальчук абвесціць 23 лютага.

Кніга "Добрая фатаграфія" з'яўляецца зборнікам фатаграфічных эсэ пра фотаздымкі з краін Еўропы і Амерыкі з сярэдзіны XIX стагоддзя і да нашых дзён. Кніга "Абарона Курапатаў. Народны мемарыял" — зборнік артыкулаў, успамінаў і фотаздымкаў, прысвечаных тэме абароны месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі