У Брэсце рыбалоўныя крамы падтрымаюць акцыю ў абарону ракі Мухавец

Брэсцкі райвыканкам здаў частку ракі Мухавец у арэнду на 5 год для прамысловай лоўлі няпрофільнаму прадпрыемству "Белэлектрабудмантаж". Арандаваны ўчастак пачынаецца ад Чырвонага Двара да мяжы з Жабінкаўскім раёнам.

Кампанію па вяртанні ракі ў агульны доступ распачала абласная арганізацыя БСДП(Г). Па словах актывістаў, водныя аб'екты не могуць быць прадметам арэнды, бо з'яўляюцца ўласнасцю народу. Таксама прамысловая лоўля ставіць пад пагрозу знікнення ўнікальныя віды рыб, якія жывуць у Мухаўцы.

Як паведаміў Еўрарадыё кіраўнік абласной арганізацыі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі, пасля таго, як інфармацыя пра кампанію з'явілася ў СМІ, прадстаўнікі некаторых крамаў самі прапанавалі сваю дапамогу.

Маслоўскі: "Іх удзел будзе ў тым, што яны будуць дапамагаць збіраць подпісы, бо, безумоўна, рыбалоўныя крамы наведваюць рыбакі. Ім будуць прапанаваць падпісацца і тлумачыць сітуацыю, бо, магчыма, не ўсе чытаюць сродкі масавай інфармацыі. Такая ёсць з імі дамоўленасць".

Сабраныя подпісы пад калектыўным зваротам будуць накіраваныя ў Савет міністраў. Аналагічная інтэрнэт-петыцыя з'явілася на сайце change.org.

Спецыяльна для праграмы “Кардыяграма”.

Фота — rybaki.kz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі