У Брэсце вырашылі 9 траўня не праводзіць масавых мерапрыемстваў
У Брэсце вырашылі 9 траўня не праводзіць масавых акцый. Пра карэктывы з-за каранавіруса ў правядзенні святочных мерапрыемстваў у Дзень Перамогі паведаміў старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук. Паводле яго слоў, наведванне Брэсцкай крэпасці забараняцца не будзе, бо "гэта абсалютна не патрыятычна і не па-чалавечы". Таксама не адменены і святочны салют у крэпасці (сёлета яго арганізоўваюць не вайскоўцы, а спецыялізаваная прыватная арганізацыя). А вось арганізоўваць святочную калону, мітынгі "з вялікай доляй верагоднасці" ў Брэсце не будуць. Пры гэтым традыцыйнае ўскладанне кветак і вянкоў правядуць, паведамляе БЕЛТА.
Рагачук распавёў, што давялося адмяніць запланаваныя канцэрты "папулярных артыстаў", якія з 7 траўня мусілі выступаць у горадзе на розных пляцоўках (з імі ўжо былі дамовы). Ён спадзяецца, што нерэалізаваныя напрацоўкі ўдасца рэалізаваць падчас святкавання Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня.
Як вядома, у Мінску вайсковы парад 9 траўня пакуль не адменены. У Маскве вайсковы парад з-за каранавіруса перанеслі на пазнейшы час.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.