У брытанскім серыяле "Карона" зняліся два беларускія акторы
Серыял "Карона": у ролі Ельцына — Анатоль Кацянёў / кадр з фільма
У 5-м сезоне брытанскага серыяла "Карона" зняліся два беларускія акторы, піша "Наша Ніва".
Ролю прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына грае вядомы актор Анатоль Кацянёў. Ён грае ў сцэнах прыезду Ельцына ў Брытанію ў 1992 годзе і візіту брытанскай каралевы ў Расію. Таксама для серыяла "Карона" знялі кадры пра жнівеньскі путч 1991 года ў Маскве з удзелам Кацянёва. У серыяле Лізавета ІІ глядзіць іх па тэлевізары.
Яшчэ адзін беларус грае ў стужцы ролю перакладчыка Ельцына. Гэта актор і былы дырэктар Change.org па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Міця Савелаў. Для яго гэта першы досвед удзелу ў кіно і серыялах. Раней Савелаў спрабаваў сябе ва ўласным праекце Change LIVE. Таксама ён грае ў спектакле "Сабакі Еўропы" Беларускага свабоднага тэатра.
Савелаў жыве ў Брытаніі, дзе здымаецца большая частка серыяла. Як расказаў актор, на здымкі ён трапіў праз паспяховы кастынг.
Серыял "Карона" (The Crown), які здымае стрымінгавая платформа Netflix, распавядае аб праўленні каралевы Лізаветы ІІ. 9 лістапада выйшаў пяты сезон, які павінен завяршыць праект.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.