У Быхаве за неахайнае стаўленне да працы пакаралі яшчэ аднаго міліцыянта
Участковы Быхаўскага РАУСа Аляксандр Стальмахоў па выніках унутранай праверкі атрымаў вымову ад свайго начальства.
Гэта пацвердзіў сваім пісьмовым адказам міліцэйскі начальнік з аддзела ўнутраных спраў мясцовага райвыканкама.
Нагодай для вынясення афіцыйнай вымовы ўчастковаму міліцыянту стала несвоечасовая перадача матэрыялаў справы ў суд, у выніку чаго не атрымалася прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці чалавека, які збіў свайго суседа.
Жыхар вёскі Дабужа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці Аляксандр Шачанок, які стаў ахвярай нападу з боку Аляксандра Лашкова, кажа, што гэты інцыдэнт папросту сышоў нападніку з рук.
Летам гэтага года Аляксандр Шачанок гуляў па лесе і выпадкова сустрэў свайго суседа, які, мацюкаючыся, схапіў металічную трубу, што ляжала побач, і ўдарыў ёй яго па галаве. Распавядае пацярпелы ў выніку інцыдэнту Аляксандр Шачанок:
“Участковы міліцыянт склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні адносна майго суседа Лашкова і перадаў гэты пратакол у суд. Адпаведным лістом ён мне паведаміў, што матэрыялы справы перададзены ў суд. Я чакаў судовай позвы, аднак яна мне прыйшла тады, калі прайшлі ўсе тэрміны. І гэтую справу закрылі, бо прайшлі ўсе неабходныя для гэтага тэрміны. Я пайшоў разбірацца ў суд і мне там патлумачылі, што матэрыялы справы позна паступілі ў суд. Міліцыянт хлусліва інфармаваў аб ходзе адміністрацыйнага працэсу. Я напісаў у Быхаўскім РАУСе на яго скаргу і ў выніку ён атрымаў афіцыйную вымову”.
Тым не менш вясковец адзначае, што панесенага пакарання за сваю нядбайнасць недастаткова – такіх міліцыянтаў трэба звальняць з міліцыі.
“Я з такім адказам не пагадзіўся і адправіў скаргу на адрас Магілёўскага ўпраўлення ўнутраных спраў, бо гэты неахайны міліцыянт сарваў мне судовую справу”, — кажа Аляксандр Шачанок.
Праваабаронца Барыс Бухель ужо два гады дапамагае вяскоўцу абараняцца як ад неадэкватнага суседа, так і прыцягваць да адказнасці нядбайных быхаўскіх міліцыянтаў.
“У сельскіх раёнах міліцыя адчувае сябе цалкам беспакаранай, бо вясковае насельніцтва амаль ніколі ім не дае адказ. Тут жа знайшоўся чалавек, які мае ўласнае пачуццё годнасці і патрабуе, каб да яго ставіліся ў адпаведнасці з законам. Ён стаў пісаць скаргі, а міліцыя да гэтага не прызвычаілася і таму яны робяць пастаянныя праколы. Звычка дрэнна працаваць, а таксама няўменне працаваць якасна адразу не знікае. Спадзяюся, што з дапамогай гэтых скаргаў мы хоць крышку прымусілі працаваць міліцыянтаў”, — кажа праваабаронца.
Нагадаем, што за апошнія гады Аляксандр Шачанок разам з праваабаронцай Барысам Бухелем дабіліся звальнення ўчастковага Быхаўскага РАУСа Віталя Вашчылу, які сфабрыкаваў адміністрацыйную справу ў дачыненні да вяскоўца, падрабіўшы яго подпісы на пратаколах. Акрамя таго неаднаразова іншыя супрацоўнікі мясцовай міліцыі былі дэпрэміраваны і атрымлівалі адпаведныя вымовы.
Спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма