Сёння чвэрцьфінале Беларусь згуляе з Канадай: статыстыка, гісторыя сустрэч
На топ-турнірах нашы сустракаліся з сапернікам 8 разоў і ні разу не перамагалі: закінулі 9 шайб, прапусцілі 39.
Гульня Беларусь-Канада адбудзецца сёння ў 17:15. Прамая трансляцыя будзе на тэлеканале Беларусь-1.
Гісторыя сустрэч
Мала таго, што Канаду называюць самай моцнай і ашаламляльнай зборнай групавога турніру сёлетняга чэмпіянату свету. Гэта яшчэ і самая нязручная для зборнай Беларусі каманда.
Мяркуйце самі. З 1998 года, калі беларусы прабіліся ў эліту сусветнага хакея, нашы сустракаліся з "кляновымі лістамі" ў межах чэмпіянатаў свету і Алімпіяд восем разоў. І ва ўсіх гульнях прайгралі. Самая меншая розніца ў шайбах, якой дабіваліся беларусы, — мінус тры. Найгоршыя вынікі — пройгрышы канадцам з розніцай у пяць шайб. У апошні раз нашы сустракаліся з Канадай на чэмпіянаце свету ў 2013 годзе і прайгралі 4:1.
Склады каманд
Алімпійскія чэмпіёны-2014, падобна на тое, зноўку вырашылі пацвердзіць званне наймацнейшай хакейнай дзяржавы планеты. Па вялікім рахунку, каманда цалкам складаецца з НХЛ-аўцаў. З 23 хакеістаў (дваіх канадцы яшчэ дазаявяць) толькі варатар Майк Сміт прадстаўляе ў дадзены момант клуб АХЛ “Арызона Каётс” (фарм энхаэлаўскага “Вініпега”). Але ён сядзіць у запасе. Па складзе канадцы значна пераўзыходзяць тых жа амерыканцаў. Хапае ў іх і сапраўдных зорак. Да прыкладу, не паленаваўся прыехаць на чэмпіянат свету культавы Сіднэй Кросбі.
Склад беларусаў, зразумела, выглядае куды больш сціпла. З 25 хакеістаў наймацнейшую лігу планеты, НХЛ, прадстаўляюць нуль гульцоў. Наш адзіны НХЛ-авец Міхаіл Грабоўскі не змог дапамагчы камандзе, бо яго не адпусціў клуб. Затое ў беларусаў 21 хакеіст з КХЛ — другой лігі свету. У складзе нашай каманды гуляе адзін прадстаўнік АХЛ і тры хакеісты з чэмпіянату Беларусі.
Як беларусы і канадцы згуляюць на чэмпіянаце свету-2015?
Адзначым, што канадцы не могуць прайсці далей чвэрцьфінальнай стадыі на працягу апошніх пяці гадоў. У 2010 і 2011 гадах яны прайгравалі Расіі (2:5, 1:2), у 2012 — Славакіі (3:4), у 2013 — Швецыі (2:3), у 2014 — Фінляндыі (2:3). У сваю чаргу зборная Беларусі ні разу не выходзіла ў паўфінал.
Беларусь
Нягледзячы на адсутнасць у складзе Беларусаў некалькіх першых нумароў, каманда на фоне топавых зборных паказвае непрадказальна цікавую і валявую гульню. Правал здарыўся толькі ў матчы з расіянамі — 0:7.
У першай гульні нашы паквіталіся са славенцамі (4:2) за тое, што тыя не пусцілі нас на Алімпіяду-2014. У другім матчы беларусы прайгралі славакам у овертайме, хоць выдатна глядзеліся і мелі шанцы на перамогу. Потым нашы ўпэўнена і сенсацыйна перайгралі амерыканцаў (5:2). А ў гульні з фінамі, якіх ніяк не папракнеш у слабым складзе, беларусы зноў паказалі ўпэўненую гульню, прайграўшы толькі па булітах. У апошнім матчы нашы на класе перайгралі нарвежцаў, хоць гульня далася нялёгка (3:2).
Статыстыка беларусаў: +1 (20 закінутых, 19 прапушчаных). Лепшыя гульцы па сістэме гол+пас: капітан Аляксей Калюжны (5 галоў, 5 перадачы), Андрэй Касціцын (2 галы, 8 перадач), Сяргей Касціцын (1 гол, 7 перадач).
Канада
Аднак зборная Канады выглядае куды мацнейшым выклікам. Гэта па-сапраўднаму агрэсіўная і няспынная армада. Латвійцаў паўночнаамерыканцы раскаталі 6:1. Немцаў знішчылі 10:0. Зборную Чэхіі, гаспадароў чэмпіянату, пабілі 6:3. Шведаў, якія таксама прыехалі ў вельмі моцным складзе, перайгралі 6:4, хоць саступалі ў першым перыядзе 0:3. Толькі ў гульні з французамі канадцы расслабіліся і перамаглі з мінімальным лікам 4:3. Але ў наступным матчы са Швейцарцамі пацвердзілі топавы ўзровень перамогай 7:3. У завяршальным матчы з аўстрыйцамі канадцы спыніліся на 10:1.
Статыстыка канадцаў: +35 (49 закінутых, 14 прапушчаных). Лепшыя хакеісты па сістэме гол+пас: Мэт Дзюшэн (4 галы, 7 перадач) і Джэйсан Спецца (4 галы, сем перадач).
Статыстыка
Словам, шкада, што ў чвэрцьфінале беларусы выйшлі на Канаду. Але і зборная Беларусі, як лічаць многія, пакуль паказвае самы захапляльны хакей у сваёй гісторыі і так проста класціся пад канадскі каток не збіраецца. Прынамсі, мы на гэта спадзяемся.