У "доме Чыжа" ёсць даўжнікі па камунальных паслугах

Сума за жыроўку мінчанкі Таццяны Быкавай з вуліцы Аэрафлоцкай ўзрывае мозг. За жнівень пенсіянерка атрымала 2,6 мільёна рублёў за сваю 60-метровую кватэру. Усё з-за таго, што пенсіянерка плаціць па сабекошце за ацяпленне і газ, бо ў яе не стаяць лічыльнікі.

“А я не буду плаціць! Ніхто не папярэджваў, нічога! А што рабіць?” — пытаецца ў Еўрарадыё Таццяна Васільеўна. Зразумела, чаму: яе пенсія ў 2,6 разу меншая за гэтую камуналку — трошкі болей за мільён. Не дзіва, што і пені ўжо налічана больш за 2 мільёны!

Цікава, што ўладальнікам кватэр ў знакамітым "доме Чыжа" па вуліцы Старажоўскай, 6 нават за тры месяцы пазыкі не налічваюць пеню! Старшыня таварыства ўласнікаў Аляксандр Селівон прызнаецца Еўрарадыё, што такія людзі ёсць:

“Намі прынята такое рашэнне — не ўключаць пеню для тых, хто мае пазыку, у жыроўку. Зразумела, сумы вялікія, і калі чалавек не плаціць 2-3 месяцы, набягае вялікая сума пазыкі. І будзе вельмі вялікія сумы пені. Гэта законна, але мы паступаем гуманна. І нават калі чалавек пазычае на 2-3 месяцы, ёсць такое, абзвоньваем, каб ў чалавека не было пазыкі”.

Як даведалася Еўрарадыё, па камунальных плацяжах у доме разлічваюцца паводле дзяржаўных тарыфаў. Калі тэхабслугоўванне ў звычайным жэсаўскім доме — 500 рублёў за квадратны метр, дык тут таксама. Гэтак жа і адлічэнні на капрамонт. Ліміт на ваду, святло…

“Усе расцэнкі ў нас дзяржаўныя, плюс выдаткі на эксплуатацыйныя працы — на выдаткі на ўтрыманне аховы, кансьержа, ну і ўсяго штату, які набраны”.

Кансьержка ў супердоме атрымлівае каля 3 мільёнаў рублёў "бруднымі", 3,5 мільёна — прыбіральшчыца за адзін пад’езд. Для параўнання, заробак у майго дворніка з ЖЭСа № 81 за жнівень амаль дацягвае 1,5 мільёна. Жанчына прыбірае чатыры пад’езды.

Старшыня кааператыва яшчэ раз паўтарае, што "камуналка" яшчэ не дакладная і будзе вядомая толькі пасля ўводу дома ў эксплуатацыю — “жывуць жа толькі некалькі кватэр, астатнія рамантуюцца”. Дарэчы, тэхналогія разумнага дома, да якога падключаны гэты будынак, асабліва ні зніжаць, ні падвышаць суму ў жыроўках не будзе — гэта сістэма болей для бяспекі людзей.

Жыроўка за кватэру сярэдняй плошчы без ацяплення дома па вуліцы Старажоўскай не надта ўражвае:

“Сума па жыроўцы ў звычайнай сярэднестатыстычнай кватэры — ад 350 да 700 тысяч! У пентхаўсах будуць большыя”, — кажа мне старшыня таварыства!

Гэта ў чатыры разы менш, чым павінна заплаціць пенсіянерка Таццяна Быкава з вуліцы Аэрафлоцкай, 22, якая жыве ў сацыяльна-арыентаванай дзяржаве. Яна і не ведае, што плаціць нібы за пентхаўс!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі