У дзень мульцікаў мастак паказаў вечнасць, а швед сыграў на памазках

Мультыплікацыя


Усё пачалося з выставы Аляксея Лунёва, далікатнага і ветлівага мастака, які прапанаваў мінчукам задумацца над чацвёртым вымярэннем — часам. Дзеля гэтага Аляксей сцягнуў у галерэю сучаснага мастацтва “Ў” тыя свае працы, у якіх чорным па белым, ці белым па чорным, а то і чырвоным адбіты час — “Дэкларацыі”, “Эгаіст”, “Стужкі Мёбіуса”.



Праект атрымаў назву “Мультыплікацыі” і пасяліўся ў галоўнай выставачнай зале галерэі “Ў” да 23 красавіка.

Оўпэнінг “Мультыплікацый” зрабілі 6 красавіка, на дзень раней, чым планавалі, і... выпадкова трапілі ў “вялікі сэнс”. Аказалася, што 6 красавіка — сусветны дзень мультыплікацыі.



“Я веру, што нічога выпадковага не бывае” — пракаментаваў супадзенне Аляксей Лунёў і дадаў, што выстава, на яго погляд, атрымалася вельмі добрай, і ён пачуў шмат кампліментаў з боку калег.

Але Еўрарадыё пачула і крытычнае меркаванне. Прамоўтэр Папа Бо заўважыў:

“Цяпер сучаснае мастацтва дайшло да таго, што без анатацыі да выставы немагчыма ўлавіць яе пасыл. Але ў гэтай экспазіцыі нават анатацыя напісана такой метафарычнай мовай, што я так нічога і не зразумеў. Гэта калекцыя шрыфтоў ці што?”

Аляксей Лунёў быў шчыра здзіўлены такому меркаванню, сказаўшы “Здаецца, я ўсё канкрэтна напісаў. Гэтая выстава пра тое вымярэнне, на якое мы заўсёды забываемся — час”.





Сапраўды, час у выставе Лунёва быў “задэклараваны” дакладна і ясна. На вялікіх палотнах мільёнамі алоўкавых штрыхоў былі напісаныя словы “Вечнасць”, “Татальны нуль”, “Бясконцасць”. Але самым яскравым адлюстраваннем часу, на погляд Еўрарадыё, стала горачка з тысячамі маленькіх шарыкаў з фольгі пад жэрдкай з зайцамі.



“Я не рыхтаваў іх канкрэтна да нейкага праекту. Я рабіў іх гадамі. Ведаеце, як некаторыя сядзяць перад тэлевізарам і лузгаюць семкі — а я раблю шарыкі”, — патлумачыў Аляксей Лунёў.

Шведская імправізацыя


У той жа вечар у галерэі адбылася яшчэ адна падзея — выступ шведскага эксперыментальнага кампазітара Германа Мюнцынга (Herman Muntzing). Экспрэсіўны і крыху дзіўны Герман падключыў да мікрафонаў цэлы стол з талеркамі-шчоткамі-напільнікамі і запоўніў памяшканне галерэі скрогатам пілкі па струнах ці ўдарамі макавай саломіны па дошцы.

Паслухаць:

 





Па словах Аляксея Лунёва, выступ шведскага музыкі Германа як мага лепш упісаўся ў “Мультыплікацыі”:

“Я лічу, што гэта ідэальная музыка для майго праекта” – сказаў Аляксей Лунёў.



Хоць Герман Мюнцынг часта выступае ў галерэях сучаснага мастацтва, але лічыць сваю музыку асобнай, не звязанай з выставамі. У інтэрв’ю Еўрарадыё ён сказаў:

“Няма іншай сувязі паміж маімі выступленнямі і выставамі, чым тая, якую наведвальнікі галерэі самі сабе прыдумаюць”.



Да праекту “Мультыплікацыі” Герман нічога спецыяльнага не рыхтаваў, таму што быў незнаёмы з гэтай выставай, адзінае, ён паспрабаваў сканцэнтравацца на месцы і часе – напрыклад, падрыхтаваўся да таго, што цішыні ў галерэі не будзе.

Герман Мюнцынг: “Я працую ў жанры імправізацыі. Для мяне гэта спосаб ствараць музыку. Я падрыхтаваў толькі гэты стол з апаратурай і рознымі рэчамі, якія я дакладна ведаю як “граюць”, але я не ведаў загадзя, ці скарыстаю іх”.



Стоячы паўколам, людзі слухалі эксперыментальныя гукі, некаторыя нават спрабавалі лавіць рытм і таньчыць.



Шум


Раней такое бывала, што вытанчаныя канцэпцыі галерэйных мерапрыемстваў разбіваліся карпаратыўным візгам з кавярні-бару “Малако”, які знаходзіцца за сцяной галоўнай экспазіцыйнай залі.

Але супрацоўнікі галерэі, відавочна, навучыліся правільна камбінаваць мерапрыемствы, ці то Вялікая Выпадковасць нарэшце пачала працаваць ім на карысць, бо цяпер падзеі толькі ўзмацняюць адна адну.



6 красавіка, у дадатак да “Мультыплікацый” і Германа Мюнцынга ў “Малако” граў DJ Шум — гэта той, што адкрыў у свой час “Пятніцу” і “Lюк”, хто прыдумаў фэст і лэйбл “Вдох”, і чые сэты прыемна слухаць, бо ад іх падымаецца настрой і абуджаюцца танцавальныя рэфлексы.

Поўны сатысфэкшн. Дзякуй, што хоць паркоўку для велікаў не зрабілі, а то было б усё занадта ідэальна, і прыйшлося б прачнуцца.



Фота: Зміцер Тарасенка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі