У Дзятлаве плануюць паставіць помнік пераможцу Аршанскай бітвы
У 2020 годзе ў Дзятлаве плануецца паставіць помнік ці бюст заснавальніку горада — вялікаму гетману Вялікага Княства Літоўскага Канстанціну Астрожскаму (1460-1530).
У гісторыі Беларусі Канстанцін Астрожскі найбольш праславіўся перамогай у Аршанскай бітве 8 верасня 1514 года. Дзякуючы майстэрскаму выкарыстанню артылерыі 30-тысячнае войска ВКЛ атрымала блікуючую перамогу над 80-тысячным войскам Маскоўскага княства. У гонар гэтай перамогі ў Беларусі 8 верасня неафіцыйна адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы.
Таксама Канстанцін Іванавіч Астрожскі і яго сын Канстанцін Канстанцінавіч праславіліся як абаронцы праваслаўя ў ВКЛ. У Мінску ў іх гонар названая вуліца.
У Дзятлаве скульптар і кераміст Мікалай Несцярэўскі прапанаваў гараджанам некалькі сваіх праектаў, прысвечаных Канстанціну Астрожскаму. Прэзентацыя, як перадае Радыё "Рацыя", прайшла ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Яе шчыра вітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік.
Мастак пазнаёміў прысутных са сваімі працамі — кампазіцыя з трох стэлаў з барэльефам Астрожскага і гербам Дзятлава, бюст гетмана і яго партрэт. Несцярэўскі прапанаваў перайменаваць у Дзятлаве вуліцу Фрунзе ў вуліцу Канстанціна Астрожскага і паставіць на ёй бюст гетмана, а на ўездзе горада — мемарыяльную стэлу.