У Фаніпалі знайшлі новых уладальнікаў партфеля з 10 тысячамі долараў
Аднак вяртаць грошы яны не збіраюцца.
Пра гэтую гісторыю Еўрарадыё распавядала на мінулым тыдні. Мінчукі, муж і жонка, пакінулі каля крамы партфель з 10 тысячамі долараў. Акрамя месячнай выручкі прадпрымальніка ў ім былі таксама дакументы. Грошы мужчына збіраўся занесці ў банк, але пасля шопінгу з жонкай проста забыў партфель у цялежцы для тавараў.
Дзякуючы камерам відэаназірання стала вядома, што адзінокі партфель забраў мужчына з чорнага BMW і спешна занёс яго ў машыну. Пасля гэтага ён з жонкай пайшоў па пакупкі. Пра тое, што маладыя людзі "сарвалі вялікі куш", муж і жонка даведаліся ўжо пасля таго, як вярнуліся ў аўтамабіль.
Аператыўнікі знайшлі людзей з чорнага BMW у Фаніпалі. 36-гадовыя мужчына і жанчына ўжо чакалі праваахоўнікаў, нават нанялі адваката. Яны сцвярджаюць, што грошай у іх няма — іх, нібыта, у іх скралі ў той жа дзень у раёне Ракаўскага рынку. Выкінуты партфель з дакументамі яшчэ раней знайшоў мінскі таксіст, інфармуе сайт onliner.by.
Міліцыя чакае, што жыхары Фаніпаля ўсё ж аддадуць грошы і ніякіх наступстваў для іх не будзе. Інакш давядзецца пачынаць крымінальную справу.