У Фінляндыі эколагі на адзін дзень блакавалі атамную станцыю (фота)
У акцыі пратэсту, якую сілай разагнала паліцыя, удзельнічалі і беларусы.
28 жніўня некалькі соцень прадстаўнікоў экалагічных арганізацый заблакавалі дарогі, якія вядуць да фінскай АЭС. Мірная акцыя была накіраваная супраць рашэння парламента пра магчымасць будаўніцтва 2-х новых атамных рэактараў і сховішча ядзерных адходаў. Сярод удзельнікаў былі і беларусы.
"Некалькі соцень чалавек ― гэта нармальная колькасць людзей па фінскіх мерках, тым больш яны былі даволі радыкальна настроеныя, ― распавяла Еўрарадыё адказны сакратар беларускай экалагічнай арганізацыі "Экадом" Таццяна Новікава, якая прысутнічала падчас акцый пратэсту. ― Фінляндыя, як і іншыя паўночныя еўрапейскія краіны, вельмі спакойная. І пратэсты з сотнямі тысяч людзей, як у Нямеччыне, Фінляндыі не ўласцівыя".
Актывістам удалося блакаваць дарогу да АЭС у некалькіх месцах на працягу ўсяго дня. Яны трымалі транспаранты і банеры з заклікамі спыніць інвестыцыі ў атамную энергетыку, зачыніць АЭС і развіваць альтэрнатыўныя віды энергіі.
Паліцыя дзейнічала карэктна да таго часу, калі ўвечары не паступіў загад ачысціць дарогу. У выніку каля 30 чалавек затрымалі за непадпарадкаванне паліцыі. Праз некалькі гадзінаў іх выпусцілі, пакараўшы штрафамі.
Таццяна Новікава: "Дзеянні былі мяккімі і лаяльнымі да моманту развязкі, калі пачалі затрымліваць людзей"
Паліцыянт ужывае болевы прыём удзельніцы пратэсту. Фота: Nora Ohala
Першага ліпеня фінскі парламент прыняў рашэнне дазволіць будаўніцтва новых АЭС. На ўжо дзейнай станцыі Олкілуото плануецца будаўніцтва дадатковых рэактараў, а таксама сховішча ядзерных адкідаў.
Таццяна Новікава: "Шмат людзей гавораць, што тыя дэпутаты, якія прагаласавалі "за", наўрад ці ўвойдуць у наступны склад парламента (а выбары ўжо наступнай вясной), бо рашэнне гэта непапулярнае, не падабаецца людзям".
Паводле апытанняў, толькі 10-15% фінаў падтрымліваюць ядзерную энергетыку.
Тацяна Новікава перадае словы каардынатара фінскага руху "Жанчыны супраць ядзернай энергетыкі" Улы Клотзэр:
"Мы ўдзельнічаем у блакадзе, бо хвалюемся за нашых дзяцей. Праект будаўніцтва АЭС "Олкілуото-3" ― гэта эканамічны кашмар, бо яго цана імкнецца ў космас. Олкілуото – справа ўсёй Еўропы".
На фотаздымку: Ула Клотзэр.
Сапраўды, праект абыходзіцца ўдвая больш за першапачатковую суму. Больш за тое, запланаваны на вясну 2009 праект спазняецца сама менш на тры з паловай гады.
Нагадаем, раней у размове з Еўрарадыё дацэнт шведскага ўніверсітэта ў Лундзе Філіп Пэк правёў паралелі з будаўніцтвам АЭС у Фінляндыі і Беларусі.
Філіп Пэк: "Звычайна атамныя станцыі будуюць вялікія заможныя краіны. У рэгіёне іх будуе толькі адна маленькая, але заможная краіна — Фінляндыя. Беларусь таксама малая, але ж незаможная. Яна не мае прыватных інвестараў. Таму АЭС будуць узводзіць за ўрадавыя — значыць, вашы, грамадзянаў Беларусі — грошы".
Тым часам укладаць грошы ў будаўніцтва фінскіх атамных рэактараў плануюць прыватныя інвестары.
Па словах Таццяны Новікавай, міжнародная салідарнасць людзей, якія хочуць жыць у асяроддзі без мірнага атама, вялікая. І гэтыя людзі лічаць патрэбным выказваць свае думкі пра АЭС і ў суседніх краінах.
Таццяна Новікава: "Калі беларусы папросяць ім дапамагчы пратэставаць альбо выказваць сваё меркаванне, яны пагодзяцца прыехаць".
Усе фотаздымкі (апрача падпісанага аўтарства Nora Ohala) зробленыя Таццянай Новікавай і размешчаныя з яе ласкавай згоды.