У ГЦ “Еўропа” няма ахоўнікаў, таму што “па законе можна і без іх”
8 кастрычніка ў мінскім ГЦ “Еўропа” хлопец з бензапілой і сякерай забівае адну жанчыну і раніць яшчэ дзвюх. Спыняюць хлопца наведвальнікі цэнтра. Па сцвярджэнні следчых, ахова крамы бяздзейнічала. Справа ў тым, што ў “Еўропе” ахоўнікаў няма. Абавязкі ахоўнікаў фактычна выконваюць адміністратары.
“Адміністратары не маюць права мець зброю ці іншыя сродкі абароны. У іх абсалютна іншыя функцыянальныя абавязкі, — кажа Еўрарадыё намеснік дырэктара гандлёвага цэнтра. — У такой надзвычайнай сітуацыі ён абавязаны патэлефанаваць у МУС і націснуць трывожную кнопку. Бо мы знаходзімся пад аховай МУС, у нас ёсць трывожная кнопка, і гэта адзіны на сёння сродак абароны ў гандлёвым цэнтры”.
На ўвесь гандлёвы цэнтр толькі адна трывожная кнопка, але дзе яна знаходзіцца і ці была націснутая ў суботу, намеснік дырэктара не сказала. Такія кнопкі могуць у сябе ўстанавіць усе арандатары плошчаў цэнтра, у некаторых яны і стаяць. Іншых варыянтаў аховы ў “Еўропе” не існуе. Ды і дакументаў, якія абавязваюць гандлёвыя цэнтры мець штат ахоўнікаў, няма.
Па словах супрацоўніцы ГЦ “Рыга”, які знаходзіцца праз скрыжаванне ад “Еўропы”, за адсутнасць ахоўнікаў міліцыя пакараць не можа, але ўвесь час настойліва раіць і фактычна падводзіць кіраўніцтва да іх з’яўлення.
“Яны нам прыносілі пастановы, тлумачылі, што ахоўнік абавязкова павінен быць, што яны могуць не паспець даехаць і гэтак далей, — кажуць у ГЦ “Рыга”. — Не штрафавалі, але прыходзілі, напрыклад, і прасілі паказаць службовую інструкцыю кантралёра, казалі, што гэта пасада вельмі падобная на ахоўніка. Ён жа назірае, сочыць за парадкам. То бок у нас, атрымліваецца, чалавек аформлены няправільна. Да гэтага міліцыя ўвесь час і падводзіла”.
Каб мець ахоўніка, установа мусіць атрымаць адпаведную ліцэнзію ў Дэпартаменце аховы МУС. Будучыя ахоўнікі праходзяць інструктаж і здаюць экзамен. Каштуе такая ліцэнзія сто рублёў і выдаецца на дзесяць гадоў.
“Ёсць такое паняцце, як “той, хто прайшоў ацэнку ведаў у Міністэрстве ўнутраных спраў”, дзе ёсць пытанні на аказанне першай медыцынскай дапамогі і гэтак далей, — тлумачыць кіраўнік Ліцэнзійна-кантрольнага аддзялення штаба Дэпартамента аховы МУС Сяргей Моўчан. — Тэставанне вуснае. Кожны ахвочы стаць ахоўнікам мусіць атрымаць адмысловую даведку ў Міністэрстве аховы здароўя. А курсы — неабавязковая працэдура, яе праходзяць па жаданні. Там распрацаваная адмысловая праграма, пачынаючы ад элементаў псіхалагічнай устойлівасці (бо розныя бываюць пакупнікі, у рознай ступені алкагольнага ап’янення, якія выклікаюць на канфлікт) да пэўных парадаў па затрыманні”.
Дарэчы, асноўныя буйныя гандлёвыя цэнтры сталіцы ўсё ж маюць штат ахоўнікаў. Іх асноўнай зброяй таксама з’яўляецца трывожная кнопка. Але не стацыянарная, як у ТЦ “Еўропа” а радыё — увесь час у кішэні ахоўніка. Калі ж адміністрацыя гандлёвага цэнтра жадае, каб за парадкам сачыў чалавек са зброяй, гэта магчыма толькі праз дамову з Дэпартаментам аховы.
“Напрыклад, “Экспабел” і “Карона” карыстаюцца нашымі паслугамі", — распавядае кіраўнік аддзела ваенізаванай аховы Дэпартамента аховы МУС Зміцер Дарашчук.
Там правапарадак ахоўвае парны нарад супрацоўнікаў міліцыі.