У гендырэктара "Мінаблаўтатрансу" арыштавалі маёмасць на $500 тысяч
Яму выстаўленае абвінавачанне ў здзяйсненні карупцыйных злачынстваў.
Гендырэктару прадпрыемства "Мінаблаўтатранс" выставілі абвінавачанне ў здзяйсненні карупцыйных злачынстваў. Крымінальную справу па фактах злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі расследуе Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці.
Паводле матэрыялаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, кіраўнік "Мінаблаўтатрансу" даваў незаконныя загады сваім падначаленым, паводле якіх яны працавалі на яго асабістым участку, выкарыстоўваўся аўтатранспарт арганізацыі. Былі выяўленыя і факты крадзяжу таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, якія належаць прадпрыемству.
Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, страты ад дзейнасці гендырэктара склалі 80 мільёнаў рублёў. Быў накладзены арышт на маёмасць абвінавачанага на суму больш за 500 тысяч долараў (на фінансавыя сродкі, нерухомасць, аўтамабілі). Кіраўнік знаходзіцца пад вартай.
Фота: Fotolia