У Глыбоцкім раёне маці з сынам, ратуючыся ад агня, выскачыла ў акно
Падчас пажару загінуў бацька жанчыны, які кінуўся ў палаючы будынак ратаваць яе і ўнука.
Трагічнае здарэнне адбылося ў другой палове дня 18 лютага ў гарадскім пасёлку Падсвілле Глыбоцкага раёна. Там гарэў двухпавярховы жылы дом.
Як інфармуе прэс-служба МНС, маладая жанчына ў момант узгарання знаходзілася з 8-месячным сынам на другім паверсе. Драўляная лесвіца была ахопленая агнём, а пасля і абрынулася. Жанчына разам з дзіцёнкам выскачыла ў акно. За імгненні да гэтага яе 48-гадовы бацька, які якраз вяртаўся дахаты і пабачыў пажар, кінуўся ў будынак ратаваць дачку і ўнука. Ён загінуў.
Жанчына атрымала пераломы, яе шпіталізавалі. Дзіця атруцілася чадным газам.
Мяркуецца, што пажар узнік праз кароткае замыканне электраправодкі ў кватэры.
Фота: МНС