У Глыбокім п’яны пенсіянер абакраў касцёл на $5 тысяч
У Глыбокім п’яны пенсіянер абакраў мясцовы касцёл. Падчас аднаго з набажэнстваў мясцовы жыхар 1955 года нараджэння прабраўся ў рызніцу і забраў адтуль царкоўныя рэчы. Яго манеўры заўважылі верніцы, якія паведамілі пра свае падазрэнні пробашчу парафіі. Той звярнуўся ў міліцыю, і неўзабаве злодзея затрымалі.
Яго здабычай сталі дарагія рэчы, якія ўяўляюць сабой культурна-гістарычную вартасць. Мужчына паквапіўся на старадаўнія патэны (літургічныя сасуды) і манстранцыя (від дараносіцы, сасуд для выстаўлення Святых Дароў падчас пакланення).
Агульны кошт скрадзенага ацэньваецца ў 10,3 тысячы новых рублёў. На зламысніка завялі крымінальную справу паводле ч.3 арт.205 КК, перадае прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама.