У Глыбокім развальваецца двухпавярховы дом

У Глыбокім развальваецца двухпавярховы дом

Жыхары баяцца апынуцца пад руінамі.

Па словах Тамары Шчаснай, якая жыве на першым паверсе аварыйнага дома, праблемы з яе кватэрай пачаліся сёлета ў сакавіку. Яна звярталася да кіраўніцтва кансервавага завода, на балансе якога знаходзіцца будынак, і да кіраўніцтва раёна, але ў выніку атрымала толькі адпіскі, што ў іх няма сродкаў на рамонт.

“Там уся сцяна развальваецца, а на другім паверсе, з вонкавага боку, надзьмуўся пухір і сыплецца цэгла, — скардзіцца Тамара Шчасная. — Я не магу нічога зрабіць ужо год. Адпіскі адпіскамі, а яно ўсё далей і далей развальваецца. Зверху нада мной жыве праблемная сям’я, таму ніхто нічога не робіць, не турбуецца, у мяне кватэра прыватызаваная, а ў іх не і на балансе кансервавага завода”.

Хутка наступіць зіма, якую, па словах спецыялістаў, ён можа не выстаяць. Мінулай вясной у райвыканкаме абяцалі дапамагчы вырашыць пытанне. Але цяпер стаўленне мясцовых уладаў змянілася.

“Вясной, калі мы звярнуліся, там была невялікая пляма, недзе каля метра ад столі, мы адразу ж звярнуліся на кансервавы завод, сказалі, няма грошай, звярнуліся ў райвыканкам, мне сказалі, чакайце. Нас выклікалі недзе 23 верасня. Ён пачаў на нас крычаць, ці законна прыватызаваная ў мяне кватэра, хай мне мой завод, МКК, дапамагае і ўсё робіць”.

Спадарыня Тамара гатовая ўзяць нават крэдыт на рамонт дома, але не хоча плаціць за суседзяў. А сума на рамонт патрэбная немалая, каля 50 мільёнаў рублёў. Суседзі з другога паверха наогул жывуць у жахлівых умовах. У іх кватэры наступствы няспраўнага даху пачалі адбівацца яшчэ тры гады таму.

“Так, ужо тры гады дах цячэ. Тут паспаць у такой сырасці, сухоты можна атрымаць. Я хацеў у Мінск тэлефанаваць, каб прыехалі з “Савецкай Беларусі” карэспандэнты, паглядзелі, сфатаграфавалі і далі ў газету. Колькі ўжо глыбоцкім хадзіць, прасіць і скардзіцца, зрабіце, калі ласка, дах, накрыйце страху”.

У афіцыйных адказах з Глыбоцкага райвыканкама гаворыцца, што пытанне знаходзіцца на кантролі і вядзецца пошук будаўнічай арганізацыі. Але жыльцы баяцца, што пакуль пытанне будзе вырашацца, дом можа разваліцца. І добра, калі атрымаецца як з крычаўскай гімназіяй, калі абрушэнне адбылося без ахвяр, а калі ахвяры будуць, хто за гэта адкажа?

Пакуль жа жыхары дома №21 па вуліцы Садовай спадзяюцца, што прыцягненне ўвагі да гэтай праблемы ў сродках масавай інфармацыі хоць неяк дапаможа зрушыць пытанне з мёртвай кропкі.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі