У Гомелі 7 чалавек ідуць у Палату прадстаўнікоў, сярод іх — апазіцыянеры
Яны вылучыліся кандыдатамі ў дэпутаты парламента па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе.
Нагадаем, на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2012 годзе дэпутат ад Гомельскай-Навабеліцкай акругі не быў абраны. І праўладны, і апазіцыйны кандыдаты зняліся з выбарчай гонкі, а за адзінага кандыдата па акрузе ад ЛДП выбаршчыкі не прагаласавалі.
Вось што распавёў Еўрарадыё пра вылучаных кандыдатаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:
"Па гэтай акрузе ў нас на адно дэпутацкае месца вылучана 7 кандыдатаў. З іх — два прадстаўнікі палітычных партый — ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай партыі левых "Справядлівы свет". Астатнія — беспартыйныя".
Паводле слоў Лазавіка, некаторыя з кандыдатаў вылучаліся шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў. Сярод іх — трое жанчын. Ёсць лекар, настаўнік, мантажнік, дацэнт ды інш.
Нагадаем, выбары ў Гомелі ў Палату прадстаўнікоў будуць сумешчаныя з выбарамі ў мясцовыя саветы, якія прызначаныя на 23 сакавіка.
Фота — bymedia.net