У Гомелі абвясцілі тэндар на рамонт дарогі, які ўжо зрабілі пад візіт Лукашэнкі

У Гомелі абвясцілі тэндар на рамонт дарогі, які ўжо зрабілі пад візіт Лукашэнкі

Той самы асфальт у Гомелі вылізвалі на пачатку чэрвеня у аўральным рэжыме, рыхтаваліся да прыезду Лукашэнкі. Гамяльчане скардзіліся на гэта ў сацсетках, на вушах стаяла паўгорада. Аб гэтым паведамлялі парталы TUT.BY і naviny.by. Але нязручнасці скончыліся, і Гомель атрымаў гладзенькі асфальт на вуліцы Савецкай і на Плошчы Вызвалення.

І вось, 10 чэрвеня (калі дарогу, лічы, зрабілі) на сайце дзяржзакупак icetrade.by Гомельскі гарадскі дарожны рамонтна-будаўнічы трэст выставіў тэндар па выбары арганізацыі для рамонту… ужо адрамантаванага асфальту па вуліцы Савецкай і на Плошчы Вызвалення. У дэфектным акце пазначаныя тыя працы, якія ўжо зробленыя: фрэзераванне пакрыцця, узнаўленне профілю шашы і г.д. Прыкладны кошт выдаткаў з дзяржбюджэту — каля 4,9 мільярда рублёў (каля 250 тысяч долараў). Але навошта дарожнікам такія грошы на рамонт гладзенькага асфальту, які толькі-толькі зрабілі?

Чыноўнік: “Гэта памылка”

 

Дырэктар таго самага гомельскага трэста Павел Мінзер здзіўляецца тэлефанаванню Еўрарадыё, але тут жа лаканічна адказвае:

“Лічыце, што гэта памылка. Тэндар адменяць”.

На наступны дзень пасля гэтай гутаркі (адбывалася 21 чэрвеня) працэдуру закупкі сапраўды адмянілі. Прытым, з дзіўнай фармулёўкай: “з-за адсутнасці фінансавання”. Выходзіць, ужо адрамантаваная дарога застанецца неадрамантаванай?

Безумоўна, хочацца верыць версіі гомельскіх дарожнікаў пра “памылку”. Але гэта няпроста. Інфармацыя пра працэдуру закупкі правісела на сайце больш за 10 дзён.

“Нельга паставіць тэндар заднім чыслом на наш сайт”, — так прадстаўнік аператара сайта icetrade.by (з Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн) запэўнівае, што памылкі ў іх выключаныя.

У Гомельскім гарвыканкаме і мясцовым ЖКГ Еўрарадыё кажуць, што нічога не ведаюць пра сумнеўны тэндар.

У Гомелі абвясцілі тэндар на рамонт дарогі, які ўжо зрабілі пад візіт Лукашэнкі

Просім і Рыгора Тураўца, першага намесніка гендырэктара Гомельскай гарадской ЖКГ, удакладніць інфармацыю ў дарожнікаў.

“Мне сказалі гэтак жа, як і вам, што гэта было памылкова”, — дзеліцца чыноўнік атрыманай інфармацыяй.

У Гомелі абвясцілі тэндар на рамонт дарогі, які ўжо зрабілі пад візіт Лукашэнкі

Навошта інфармацыя пра дзяржзакупкі публікуецца ў інтэрнэце?

 

Сёлета ў сакавіку міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч падзяліўся меркаваннем, што правядзенне тэндараў у Беларусі — крымінагенная сфера. Праблема добра вядомая. Да прыкладу, часам заказчыкі выбіраюць паслугі па завышаных коштах і за гэта атрымліваюць “адкаты”. Адпаведна, дзяржбюджэт страчвае грошы…

Беларускія сайты дзяржзакупак (icetrade.by і goszakupki.by) накіраваныя на тое, каб зрабіць тэндары публічнымі. Такім чынам, дзяржава спрабуе зменшыць наступствы карупцыі.

Дзяржпрадпрыемствы абавязаныя выстаўляць на сайтах усе бюджэтныя закупкі ад 300 базавых велічыняў. Прадпрыемствы, у якіх доля ўласнасці дзяржавы ад 25% і закупка стартуе ад 1000 базавых велічыняў, таксама абавязаныя рабіць тэндары публічнымі.

Дарогу пад прыезд Лукашэнкі адрамантавалі ўвогуле без тэндара

 

Па ідэі, гомельскія дарожнікі павінны былі правесці аналагічныя таргі яшчэ да таго, як прыступілі да рамонту. Але, паводле інфармацыі з сайту icetrade.by, тэндар тады не праводзіўся.

Мяркуючы па ўсім, адбылася так званая закупка з адной крыніцы. Заканадаўства дазваляе так дзейнічаць, напрыклад, калі іншых магчымасцяў няма. Скажам, здарылася стыхійнае бедства, і трэба тэрмінова закупіць абсталяванне для ліквідацыі наступстваў. У нашым выпадку гутарка вядзецца пра прыезд кіраўніка краіны. У Гомелі, мяркуючы па ўсім, гэту падзею прыраўнялі да надзвычайнага становішча.

Колькі каштаваў аўральны рамонт дарогі, дагэтуль незразумела. У трэсце кажуць, што не могуць падлічыць выдаткі, пакуль не скончыцца месяц. Не называюць суму ні ў гарвыканкаме, ні ў ЖКГ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі