У Гомелі асудзілі дальнабойшчыка, які закапаў у сябе на дачы Br240 млн
У Гомелі асудзілі дальнабойшчыка, які прысвоіў вялікую суму чужых грошай і схаваў іх у сябе на дачы. Яго прызналі вінаватым у злачынстве паводле ч.4 арт.205 КК (таемнае выкраданне маёмасці (крадзеж).
Мужчына паехаў у Расію па даручэнні дырэктара сваёй фірмы — забраць пазыку ў даўніх кліентаў. Па вяртанні ў Беларусь кіроўца сказаў, што яго абрабавалі і таму грошай ён не прывёз. Кіраўнік фірмы не паверыў яму і напісаў заяву ў міліцыю.
Расійскія праваахоўнікі на запыт беларускіх калег паведамілі, што да іх не паступала заяваў пра абрабаванне. Таксама ў гісторыі былі іншыя падазроныя факты. У выніку дальнабойшчык прызнаўся, што схлусіў пра напад, а грошы ў суме 240 мільёнаў старых рублёў закапаў у сябе на дачы.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Гомельскага абласнога суда, абвінавачаны пакараны пазбаўленнем волі тэрмінам на пяць гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Яму адтэрмінавалі выкананне пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі на 3 гады. Мужчына не мае права мяняць месца жыхарства, апроч таго ён абавязаны адпрацаваць 120 гадзінаў на грамадска карысных працах.