У Гомелі асудзілі сямейную пару: хацелі набыць у міліцыі звесткі пра нябожчыкаў
У Гомелі асудзілі сямейную пару, якая спрабавала набыць у міліцыі інфармацыю аб памерлых — муж і жонка працавалі ў пахавальным бізнэсе і такім чынам хацелі пашукаць сабе кліентаў. Жадаючы апярэдзіць сваіх канкурэнтаў, прадпрымальніца і яе муж прапаноўвалі праваахоўнікам ганарары за аператыўную інфармацыю аб фактах смерці гамяльчан. За кожны званок яны абяцалі 600 тысяч старых рублёў, а каб зрабіць канал перадачы бяспечным, прапаноўвалі зарэгістраваць на памерлых SIM-карткі.
Сямейную пару затрымалі сёлета ў траўні. 48-гадовая прадпрымальніца атрымала два гады хатняй “хіміі” паводле ч.1 арт.431 КК (дача хабару). Яе 50-гадоваму сужэнцу прысудзілі штраф у памеры 320 базавых велічынь, або 6 720 новых рублёў паводле ч.1 арт. 432 КК (пасярэдніцтва пры хабарніцтве).
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Гомельскага абласнога суда, раней у горадзе ўжо былі суды над супрацоўнікамі міліцыі і паталагаанатамічнага бюро, якія гандлявалі звесткамі пра нябожчыкаў.