У Гомелі пяць студэнтаў-таджыкаў будуць дэпартаваныя з-за бутэлькі піва
У Гомелі высылаюць пяцярых студэнтаў-таджыкаў. Падставай для такога рашэння стала распіццё піва ў грамадскім месцы. Як паведамляе Onliner.by, інцыдэнт здарыўся ў пачатку траўня ля студэнцкага інтэрната. Хлопцы адвучыліся ў Беларусі пяць гадоў на эканамістаў-міжнароднікаў, мелі добрую паспяховасць і не траплялі ў поле зроку міліцыі. У той дзень яны вырашылі адзначыць здачу дзяржэкзаменаў і набылі двухлітровую бутэльку піва, якую адкаркавалі на вуліцы. За распіццём піва іх заспелі праваахоўнікі і склалі пратакол.
Пра высылку з краіны маладым людзям паведамілі публічна. У аўдыторыі сабралі ўсіх замежных студэнтаў, зачыталі адпаведнае рашэнне, а парушальнікам далі падпісаць патрэбныя паперы. Таджыкі павінны пакінуць Беларусь да 17 чэрвеня — за гэты час яны паспеюць абараніць дыпломы.
У міліцыі заяўляюць, што такая высылка робіцца публічна, каб прадэманстраваць іншым замежнікам сур’ёзнасць намераў мясцовых уладаў.