У Гомелі расфармавалі беларускамоўную групу ў дзіцячым садку
У гомельскім садку №47 беларускамоўная група зачынілася, не паспеўшы пачаць працу, перадае Радыё "Рацыя".
Гомельскі гарвыканкам паабяцаў адкрыць дзве дадатковыя беларускамоўныя групы — у дзіцячых садках №47 і №160. Але фактычна з'явілася толькі адна — у садку №160.
А ў садку №47 беларускамоўнай групы не будзе, бо выхавацелька сышла на пенсію. Пра гэта распавёў сябра гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы Яўген Якавенка. У выніку, набраную групу расфармавалі па іншых групах. "Гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што групы ствараюцца там, дзе ёсць адпаведны спецыяліст. Няма яго, то і няма групы", — канстатуе Якавенка.
Каля 30% дзіцячых садкоў Гомеля не маюць выхавацеляў, якія валодаюць беларускай мовай. У абласным цэнтры — каля 500 груп навучэнцаў дзіцячых садкоў. Толькі адна з іх — беларускамоўная.