У Гомелі ў сувязі з тэрактам у Расіі адмяняюцца дыскатэкі і спектаклі
У Гомелі кветкі нясуць да "Рускага дома"
У Гомелі ў сувязі з тэрактам у Расіі адмяняюцца дыскатэкі, канцэрты і спектаклі. Пра гэта паведамляе тг-канал кіраўніка гарадской адміністрацыі Уладзіміра Прывалава.
Гаворка ідзе пра ўсе культурна-масавыя мерапрыемствы, якія планаваліся ў горадзе на 23 і 24 сакавіка. Сёння ў 16:30 у Петрапаўлаўскім саборы Гомеля пройдзе паніхіда па ахвярах тэракту ў "Крокус Сіці Холе".
Гамяльчане, якія жадаюць ушанаваць памяць загінулых к тэракце ў канцэртнай зале, нясуць кветкі, лампадкі і цацкі да Расійскага цэнтра навукі і культуры (так званага "Рускага дому").
Раней стала вядома, што ў Мінску адмянілі канцэрт "Беларусь — мая песня", які павінен быў адбыцца 23 сакавіка ў Палацы Рэспублікі. А ў Лідзе перанеслі конкурс "Зорны дождж — 2024" і "шэраг забаўляльных мерапрыемстваў".
Тэракт у “Крокус Сіці Хол” адбыўся ўвечары 22 сакавіка. Узброеныя мужчыны ўварваліся ў канцэртную залу і пачалі страляць. Таксама яны разлілі гаручую вадкасць і падпалілі яе. Відавочцы распавядаюць, што чулі выбухі.
Пачаўся пажар, ахвярамі якога таксама стала шмат людзей. Сярод цяжка параненых ёсць грамадзянін Беларусі. За яго жыццё змагаюцца расійскія медыкі.
Нападнікі з'ехалі з месца здарэння на белым "Рэно" (па некаторых звестках, аўтамабіляў было два). Іх шукалі некалькі гадзінаў. Раніцай 23 сакавіка з'явілася інфармацыя, што ФСБ Расіі ў сувязі з нападам на "Крокус Сіці Хол" затрымала 11 чалавек. З іх чацвёра — непасрэдныя выканаўцы тэракту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.