У Гомелі Youtube-блогера Філіповіча судзяць за тое, што "падмяняў сабой СМІ"
21 ліпеня ў Гомелі пачаўся разгляд справы Youtube-блогера Максіма Філіповіча. Узімку і ўвесну Філіповіч рабіў рэзанансныя ролікі пра "дэкрэт аб дармаедах" і стрымы з пратэстных акцыяў у розных гарадах.
Гомельскія міліцыянты склалі на Філіповіча пратакол, фармулёўка з якога стала мемам. Блогера абвінавачваюць у тым, што "з улікам росту папулярнасці свайго тэлеканала Філіповіч Максім Генадзевіч фактычна падмяняе сабой дзяржаўнае СМІ. У тым ліку, па фармаванні грамадскага меркавання сярод грамадзян Рэспублікі Беларусь".
Такім чынам, фактычна сцвярджаецца, што Youtube ― гэта сродак масавай інфармацыі, а блогер Філіповіч ― журналіст гэтага СМІ. Блогер лічыць абмежаванні галаслоўнымі і не лічыць сябе журналістам. Яго ўскосна падтрымлівае міністр інфармацыі Лілія Ананіч, якая ў размове з Еўрарадыё адназначна заявіла, што сацыяльныя сеткі — гэта не СМІ.
У судзе Максім Філіповіч не прызнаў сваёй віны.
За першыя 10 хвілінаў працэсу суддзя выдаліў з залы трох чалавек і адхіліў 7 хадайніцтваў Філіповіча — у тым ліку і наконт таго, каб звярнуцца па тлумачэнні ў Міністэрства інфармацыі. Экспертам на судзе заяўлены Павел Барысаў — галоўны спецыяліст аддзела па працы са СМІ ўпраўлення па каардынацыі ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама.