У Гомельскай вобласці з аўкцыёну прадаюць "Пункт пазіцыі ракет"

"Пункт пазіцыі ракет"

"Пункт пазіцыі ракет" / Гомельаблмаёмасць

Незвычайны лот выставіў на электронны аўкцыён камітэт дзяржмаёмасці Гомельскага аблвыканкама, заўважыў "Флагшток". Гэта будынак у вёсцы Бабровічы Калінкавіцкага раёна пад назвай "Пункт пазіцыі ракет/службовае памяшканне".

Гаворка ідзе пра будынак на тэрыторыі старога савецкага вайсковага аэрадрома, рэшткі якога прадаюць з мінулага года. На яго месцы хочуць размясціць выпрабавальны палігон. У мінулы раз на таргі выстаўлялі частку былога аэрадрома, у тым ліку былыя сродкі радыёлакацыі, метэаслужбы, а таксама жалезабетоннае пакрыццё.

Будынак плошчай амаль 530 квадратных метраў прадаюць для выкарыстання як аб'ект рознічнага гандлю, бытавога абслугоўвання насельніцтва, адміністрацыйнага ці адміністрацыйна-гандлёвага прызначэння або выкарыстання як інтэрната.

Пачатковы кошт лота — 51 673 рублі (каля 16 тысяч долараў). Зямельны ўчастак здаецца ў арэнду на 50 гадоў.

У савецкі час на гэтым аэрадроме дыслакавалася савецкая стратэгічная авіяцыя — спачатку 953-і бамбардзіровачны полк "Віцебскі", а потым 306-ы бамбардзіровачны полк. Побач з аэрадромам была зона з ядзернымі боепрыпасамі. У 1993 годзе авіяполк перавялі ў Расію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі