У гомельскім супермаркеце пакупнік з нажом напаў на іншых наведвальнікаў
Па выкліку ў супермаркет "Алмі" на вуліцы Мазурава ў Гомелі выехаў нарад міліцыі групы затрымання Цэнтральнага аддзела Дэпартамента аховы МУС.
Выявілася, што нецвярозы 47-гадовы мужчына дастаў нож і накінуўся на трох іншых мужчын, якія ішлі міма яго. Аднаму з іх нападнік сапсаваў верхнюю вопратку, другога параніў у раёне ягадзіцы. Нападніка, як піша newsgomel.by, затрымала ахова крамы.
Па словах старшага інспектара Цэнтральнага аддзела аховы Аляксандра Камарова, на месца здарэння выклікалі брыгаду хуткай. Медыкі шпіталізавалі пацярпелага. Затрыманага даставілі ў Цэнтральны АУС для далейшага разгляду.
Следчы камітэт пачаў на мужчыну крымінальную справу за асабліва злоснае хуліганства з ужываннем прадмета, небяспечнага для жыцця і здароўя.