У Гродне дзеці з інваліднасцю паказалі мюзікл (фота)

У Гродне дзеці з інваліднасцю паказалі мюзікл (фота)

Дзеці і валанцёры Гродзенскага дзіцячага хоспіса разам згулялі ў сацыяльным мюзікле "Я-МЫ". Дабрачынны спектакль паказалі ў лютэранскай кірсе 5 снежня.

П'еса распавядае пра бар'еры ў грамадстве, талент і сяброўства. Галоўная гераіня — дзяўчынка, якая сніць, што дзяцей з інваліднасцю прымаюць як здаровых. Аднак у рэальнасці яна баіцца танчыць разам са звычайнымі людзьмі. Пасля працы з валанцёрамі бар'еры знікаюць, і дзіця пачынае танчыць.

Мюзікл "Я-МЫ" — другі досвед пастаноўкі падобнага жанру. Мяняюцца дзейныя асобы, але ідэя адна — расказаць пра бар'еры у грамадстве, раскрыць таленты кожнага чалавека і даць надзею на здабыццё сяброў.

Як лічыць дырэктар АБА "Гродзенскі дзіцячы хоспіс" Вольга Шульга, такія акцыі — гэта сігнал для грамадства, што дзецям з інваліднасцю патрэбная дапамога, а ў доўгатэрміновай перспектыве — што ўсе павінны быць роўнымі.

Падтрымаць акцыю прыйшлі каля 60 гарадзенцаў. Свой выступ удзельнікі прымеркавалі да дзвюх міжнародных датаў: 3 снежня адзначаўся Дзень людзей з інваліднасцю, 5 снежня — Дзень валанцёра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі